«Часцінку сэрца аддаючы людзям»

«Часцінку сэрца аддаючы людзям» – менавіта гэтыя словы сталі тэмай святочнага канцэрта да Дня настаўніка ў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Тон мерапрыемству, якое адбылося 29 верасня ў актавай зале ўніверсітэта, задала песня «Мір вашаму дому». Не дзіўна, што першай прагучала менавіта яна – бо для кожнага выкладчыка і супрацоўніка нашай alma mater БрДУ стаў другім домам.

Па традыцыі на сцэну першай паднялася рэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Г.М. Сендзер. Яна павіншавала свой калектыў, які дзеліцца ведамі з маладым пакаленнем, вядзе яго да дасягнення мэтаў, дорыць яму любоў і часцінку сэрца. Ганна Мікалаеўна адзначыла, што менавіта з дзейнасці педагога пачынаецца літаральна ўсё: пазнанне свету, прафесіі, жыцця. Затым рэктар урачыста ўручыла многім работнікам універсітэта граматы ад Брэсцкага аблвыканкама, граматы ўніверсітэта і падзякі за плённую працу на педагагічнай ніве. Некаторыя выкладчыкі былі ўзнагароджаны граматамі і падзякамі ад Брэсцкага абкама прафсаюза.

Будні педагогаў напоўнены навукова-даследчай, творчай і спартыўнай дзейнасцю. Сюрпрызам для выкладчыкаў стала мультымедыйная прэзентацыя, якая расказала аб іх працы – такой нялёгкай, але такой важнай. Студэнтам заўсёды прыемна ўзгадваць лекцыі, практычныя заняткі і святочныя мерапрыемствы, праведзеныя любімымі выкладчыкамі, і ў гонар Дня настаўніка творчая эліта нашага студэнцтва выступіла на канцэрце з музычнымі, танцавальнымі і літаратурнымі віншаваннямі. Запальны танец Яніны Прыбытка, кранальныя песні ў выкананні Ксеніі Пухнарэвіч і вакальнай групы «Рух» і іншыя творчыя нумары сталі яркім пацвярджэннем якаснай працы педагогаў, якія ўклалі часцінкі сваіх сэрцаў не толькі ў развіццё інтэлектуальных здольнасцяў студэнтаў, але і ў раскрыццё і рэалізацыю іх талентаў.

Дарагія нашы выкладчыкі! Мы высока цэнім вашу бескарыслівую працу, шчодрасць вашых сэрцаў, ваша цярпенне і разуменне, адданасць справе і любоў да нас, бо ведаем, што ваш штодзённы шлях – гэта шлях да нашых сэрцаў, напоўнены дабрадзейнасцю, чалавекалюбствам і мудрасцю. Жадаем вам здароўя, шчасця, разумных і таленавітых студэнтаў! Хай увасабляюцца ў жыццё ўсе вашыя самыя смелыя ідэі і спраўджваюцца мары!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: