Дарога да бізнесу. Як зрабіць першы крок?

Як скласці бізнес-план? Якія складанасці могуць узнікнуць пры стварэнні ўласнай справы? Разабрацца ў гэтых складаных пытаннях студэнтам геаграфічнага факультэта дапамог прафесар Рыхард Формюллер. З 16 па 18 чэрвеня 2014 года адбыліся заняткі на тэму “Дарога да бізнесу. Бізнес-план як аснова стварэння бізнесу”. Прафесар Рыхард Формюллер прыехаў з Аўстрыі, дзе працуе ў Інстытуце эканамічнай педагогікі Эканамічнага Універсітэта Вены. Р.Формюллер мае вялікі педагагічны вопыт, кіруе праектамі ў межах праграмы TEMPUS, накіраванымі на развіццё прадпрымальніцкага духу.

На лекцыі былі запрошаны студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя навукоўцы і проста ўсе жадаючыя. На працягу трох насычаных дзён было разгледжана шмат актуальных і цікавых тэм.

У Брэсце Рыхард Формюллер пабываў упершыню. Студэнты 3-га курса спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць” Аляксей Машчук, Надзея Саўчук і Віталь Крываль правялі для нашага госця экскурсіі па цэнтральнай частцы горада і Брэсцкай крэпасці. Р.Формюллер таксама наведаў сядзібна-паркавы ансамбль у в.Скокі Брэсцкага раёна.

Выказваем падзяку Рыхарду Формюллеру за праведзеныя заняткі, а таксама кіраўніцтву факультэта і ўніверсітэта за створаную магчымасць праслухаць лекцыі аднаго з вядучых спецыялістаў Аўстрыі ў галіне эканамічнай педагогікі.

Аляксей Машчук,
студэнт 3-га курса геаграфічнага факультэта

Больш падрабязна з навінай можна пазнаёміцца тут >>.

Падзяліцца: