«ДЭБЮТ» адбыўся!

12 мая 2016 года ў канферэнц-зале ўніверсітэта ў святочнай атмасферы творчасці, садружнасці і педагагічнага пазітыву прайшоў заключны тур традыцыйнага ўніверсітэцкага конкурсу маладых выкладчыкаў «Прафесійны дэбют». У гэтым годзе фіналісты ўжо пераадолелі два яго этапы – «Маё прафесійнае крэда» і «Панарама адкрытых заняткаў». У фінале канкурсантаў чакалі не менш складаныя і адказныя выпрабаванні.

Вядучая, магістр геаграфічных навук, выкладчык кафедры геаграфіі і прыродакарыстання, намеснік дэкана геаграфічнага факультэта па выхаваўчай працы Нэлі Сцяпанаўна Луцык дала слова для прывітання і адкрыцця фінальнай конкурснай праграмы прарэктару па вучэбнай працы, кандыдату педагагічных навук Яўгену Дзмітрыевічу Осіпаву.

Праграма заключнага тура ўключала тры конкурсы. Першы з іх – конкурс-самапрэзентацыя «Формула майго поспеху», у якім канкурсанты прадстаўлялі сябе, свае дасягненні, складнікі свайго прафесійнага самаўдасканалення. У другім конкурсе «Метадычная скарбонка» фіналісты дэманстравалі эфектыўны метадычны прыём навучання, апрабаваны імі на занятках са студэнтамі. Студэнцкія групы падтрымкі дапамагалі ўсім удзельнікам скандаваннем і гучнымі апладысментамі. Канкурсанты здзіўлялі і радавалі гледачоў умелым выкарыстаннем разнастайных інтэрактыўных метадаў і прыёмаў. У арсенале маладых спецыялістаў знайшлося месца для фітнесу, swot-аналізу, гульняў-драматызацыі, прадуктыўных прыёмаў вусных вылічэнняў і інш.

Конкурсную праграму завяршаў асаблівы конкурс «Феерверк творчасці», што ў чарговы раз паказаў, наколькі багатая на таленты педагагічная прафесія. Здзівіла разнапланавасць талентаў Д.У. Грыцука, а яго малая дачка пакарыла сваёй дзіцячай шчырасцю і непасрэднасцю. Нікога ў зале не пакінулі абыякавым пранікнёныя і глыбокія вершы, па-майстэрску прачытаныя С.У. Вашкевічам і М.В. Ляўкоўскай. Прэзентацыя І.М. Рагоўскай прадэманстравала мастацкія грані яе таленту. Затаіўшы дыханне, гледачы слухалі мелодыю «Паланэза» Агінскага, выкананую на гітары М.У. Раманюком. Многія падтрымалі дуэт М.М. Вакулы і студэнта сацыяльна-педагагічнага факультэта М. Якаўлева (хіт гурта ДДТ «Гэта ўсё, што застанецца пасля мяне»). Засім Н.М. прысвячала свой творчы нумар Дню Вялікай Перамогі, акампаніруючы студэнткам на баяне, і зала дружным хорам падхапіла запальную «Кацюшу».

Пасля нядоўгай нарады членаў журы інтрыга конкурсу вырашылася. Журы вызначыла пераможцаў у намінацыях:

  • «Метадычная разыначка» – выкладчык кафедры батанікі і экалогіі, магістр біялагічных навук Ляўкоўская Марына Віктараўна;
  •  «Яркая індывідуальнасць» – выкладчык кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін, магістр юрыдычных навук Вашкевіч Сяргей Уладзіміравіч;
  •  «За самаадданую любоў да свайго прадмета» – выкладчык кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі Рагоўская Іна Мікалаеўна;
  •  «Сэрца аддаю дзецям» – старшы выкладчык кафедры алгебры, геаметрыі і матэматычнага мадэлявання, кандыдат фізіка-матэматычных навук Грыцук Дзмітрый Уладзіміравіч.

Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам:

  • 3 месца – выкладчык кафедры англійскай філалогіі Раманюк Міхаіл Уладзіміравіч;
  • 2 месца – выкладчык кафедры сацыяльнай працы, магістр педагагічных навук Вакула Маргарыта Мікалаеўна;
  • 1 месца – выкладчык кафедры фізічнай культуры, магістр педагагічных навук Засім Наталля Мікалаеўна.

Усе канкурсанты выглядалі годна, кожны з іх стаў упрыгожаннем фіналу. Дэбют адбыўся!

Віншуем пераможцаў і намінантаў
і жадаем ім творчых поспехаў
у прафесійнай дзейнасці і асобасным развіцці!

Аргкамітэт

Падзяліцца: