Дэлегацыя БрДУ пра XIX Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў у Сочы

14 кастрычніка неба над Сочы пафарбавалася ў колеры сцягоў 180 краін: у гэтым годзе Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў сабраў больш за 50000 чалавек. Наш універсітэт на форуме прадставілі Іна Цярковіч, Мікалай Вабішчэвіч і Крысціна Пратасавіцкая.

Іна Цярковіч, магістрант сацыяльна-педагагічнага факультэта:

– Кажуць, па вопратцы сустракаюць. Наша форма з беларускім арнаментам прыйшлася даспадобы ўсім гасцям, міма нас не праходзілі журналісты, нам пастаянна рабілі кампліменты.

Адказную місію прадстаўляць нашу краіну на выставе «Рэспубліка Беларусь», што прайшла пад дэвізам «Выбіраем Беларусь», мы выканалі годна.

Фестываль уразіў сваімі маштабамі. Праца розных пляцовак, нефармальныя, жывыя зносіны з моладдзю з розных краін, выступленні спікераў – гэтыя і іншыя мерапрыемствы насычанай праграмы форуму істотна пашырылі гарызонты майго ўспрымання свету.

Самыя яркія, на мой погляд, моманты – выступленні Таццяны Чарнігаўскай і Ніка Вуйчыча. І калі Таццяна, расказваючы на пляцоўцы «Новыя медыя» аб праўдзе і хлусні ў СМІ, апелявала да розуму аўдыторыі, то Нік звяртаўся да сэрцаў тысяч маладых людзей, заклікаў іх верыць у тое, што выхад можна знайсці з любых сітуацый.

У фестывальным рэжыме мы жылі цэлы тыдзень. З чарнаморскага ўзбярэжжа я павезла не толькі масу прыемных уражанняў, але і новыя задумкі і знаёмствы.

Мікалай Вабішчэвіч, магістрант факультэта фізічнага выхавання:

– Самай сучаснай смела можна назваць пляцоўку «Тэхналогіі будучыні». Тут быў прадстаўлены тэлепорт – гэта кабіна, знаходзячыся ў якой, можна націснуць на кнопку і адчуць, напрыклад, абдымкі чалавека, што знаходзіцца побач з табой. Я апрабаваў пратэз: на галаву надзяваюцца датчыкі, падключаныя да камп’ютара, ты ў думках уяўляеш, як што-небудзь бярэш у руку, а яна пачынае сціскацца. Атрымалася пазнаёміцца і з іншымі ноу-хау.

Штодня мы праходзілі каля 20 кіламетраў ад адной пляцоўкі да іншай. Спартыўная праграма была насычанай: футбол, каток, баскетбол, тэніс – усё было арганізавана так, што прыняць удзел мог чалавек з любым узроўнем фізічнай падрыхтоўкі. Так што на форуме панавала атмасфера здаровага ладу жыцця.

Дзякую кіраўніцтву ўніверсітэта, горада і вобласці за шанс стаць часцінкай гэтага маштабнага фестывалю. Шчыра ўдзячны і тым, хто прымаў на фестывалі, за выдатную арганізацыю. Дзякуй валанцёрам, якія працавалі на форуме: яны задавалі рытм і тэмп, падказвалі і падбадзёрвалі.

Крысціна Пратасавіцкая, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта:

– Першае яркае ўражанне звязана з адкрыццём фестывалю. Рэжысура канцэрта, калі на сцэне спікеры разам з артыстамі імкнуцца данесці да гледачоў важнасць той ці іншай праблемы, не пакінула раўнадушным нікога. Ва ўсіх удзельнікаў каля крэсла была спецыяльная атрыбутыка, з дапамогай якой можна было рэагаваць на тое, што адбываецца на сцэне. Напрыклад, падчас размовы пра рак мы прышпільвалі да вопраткі фіялетавыя стужачкі, што азначала наша спачуванне тым, каго закранула гэтае захворванне.

Сярод пляцовак адзначу «Глабальная палітыка» і «Новыя медыя». Уразіла выступленне тэлевядучай Алены Хангі, прадстаўнікоў першага канала, іншых медыйных асоб, якія расказвалі пра стварэнне відэакантэнту, інфармацыйныя войны, асаблівасці працы спецкораў.

Запомнілася сустрэча з дырэктарам Дэпартамента інфармацыі і друку МЗС РФ Марыяй Захаравай. Яе выступленне было прысвечана фейкавым навінам, яна на яркіх прыкладах паказала, як такая інфармацыя ўплывае на адносіны Усходу і Захаду, на жыццё асобных людзей.

Нездарма кажуць, што ў спрэчцы нараджаецца ісціна. Смелае выказванне свайго меркавання кожным удзельнікам дапамагала знайсці адказы на розныя пытанні. Напрыклад, дэлегаты вырашылі, што валанцёрства пачынаецца з кожнага чалавека – з дапамогі бабульцы-суседцы, сябрам, а потым і незнаёмым людзям. Менавіта так, крок за крокам, можна зрабіць свет і сябе лепшымі і дабрэйшымі.

Форум завяршыўся, але памяць аб ім застанецца ў сэрцах нашых дэлегатаў. Яны, маладыя, актыўныя, ініцыятыўныя і мэтанакіраваныя, вярнуліся ў Беларусь з новымі ўражаннямі і новымі ідэямі, і гатовы з поўнай аддачай працаваць на карысць сваёй краіны і змяняць гэты свет да лепшага.

Студэнты выказваюць падзяку рэктару ўніверсітэта Ганне Мікалаеўне Сендзер за аказаны давер прадстаўляць нашу краіну ў складзе беларускай дэлегацыі на маштабным фестывалі.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: