Дэлегацыя БрДУ прыняла ўдзел у працы Першага форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны

Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны адбыўся ў Гомелі 25-26 кастрычніка 2018 года. Пляцоўкай для правядзення Дзелавой рады ўстаноў адукацыі Беларусі і Украіны абраны Гомельскі дзяржуніверсітэт імя Ф. Скарыны. Навукова-адукацыйныя секцыі арганізаваны на базе ГДУ імя Ф. Скарыны і ГДТУ імя П.В. Сухога. У мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 100 вучоных і спецыялістаў устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Украіны. БрДУ імя А.С. Пушкіна на Дзелавой радзе прадставілі рэктар Ганна Мікалаеўна Сендзер і дэкан геаграфічнага факультэта Ірына Васільеўна Абрамава.

Сярод актуальных пытанняў абмеркавання – развіццё двухбаковага супрацоўніцтва, пашырэнне партнёрскіх адносін у навуковай, адукацыйнай і гуманітарнай сферах, распрацоўка агульных канцэпцый у моладзевай палітыцы. Пасяджэнне Дзелавой рады адкрылі выступленні прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Украіны. Першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Ірына Анатольеўна Старавойтава адзначыла, што ўзмацненне беларуска-ўкраінскага ўзаемадзеяння станоўча адаб’ецца на павышэнні якасці нацыянальнай адукацыі. Неабходнасць ўзаемавыгаднага партнёрства падкрэсліў і намеснік міністра адукацыі і навукі Украіны Юрый Міхайлавіч Рашкевіч. На яго думку, краіны падобныя ў адукацыйных сістэмах, навуковай і культурнай сферах. На сённяшні дзень іх аб’ядноўвае і агульнасць задач, якія стаяць перад вышэйшай школай.

У рамках Дзелавой рады таксама абмяркоўваліся праблемы нарошчвання сумеснай навукова-даследчай дзейнасці, супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйных тэхналогій, пытанні ўзаемнага ўдзелу ў міжнародных праграмах, магчымасці пашырэння ўзаемадзеяння паміж ВНУ і актыўнай працы ў галіне моладзевай палітыкі.

Дзелавая рада завяршылася падпісаннем двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве. Паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам адукацыі і навукі Украіны была ратыфікавана праграма аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі тэрмінам да 2022 года. Таксама былі падпісаны дамовы аб супрацоўніцтве паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Я. Купалы і Чарнавіцкім нацыянальным універсітэтам імя Юрыя Фядзьковіча, Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя П.В. Сухога і Чарнігаўскім нацыянальным тэхналагічным універсітэтам.

Працу форуму ў ГДУ імя Ф. Скарыны працягнула пасяджэнне навукова-адукацыйнай секцыі «Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва ў адукацыйнай сферы і моладзевая палітыка». Удзельнікі форуму змаглі азнаёміцца з выставай навукова-метадычнай літаратуры, навучальных дапаможнікаў і матэрыялаў міжнародных канферэнцый (на якой таксама былі прадстаўлены выданні БрДУ імя А.С. Пушкіна), наведаць гістарычную рэканструкцыю «Друкаваны станок XVI стагоддзя» і музей-лабараторыю Францыска Скарыны (у сценах ГДУ імя Ф. Скарыны), экспазіцыю буйнагабарытнай сельскагаспадарчай, дарожнай і прамысловай тэхнікі «Гомсельмаша», МТЗ, «Амкадора», «Беларуснафты» і іншых беларускіх гігантаў (на плошчы Леніна), выставачныя пляцоўкі 57 украінскіх і 89 беларускіх кампаній (у Палацы лёгкай атлетыкі) і рамеснікаў.

Першы дзень працы форуму завяршыўся канцэртам дружбы, які адбыўся ў абласным цэнтры культуры.

У пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, якое адбылося 26 кастрычніка, прынялі ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка і Прэзідэнт Украіны Пётр Аляксеевіч Парашэнка.

І.В. Абрамава
пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаны матэрыялы сайта ГДУ імя Ф. Скарыны www.gsu.by

Падзяліцца: