Дыханне музыкі ад студыі “Ступені”

Студыя эстрадных спеваў “Ступені” выступіла са справаздачным канцэртам “Хай будзе вечным музыкі дыханне” ў актавай зале БрДУ імя А.С. Пушкіна 13 мая. Яркую творчую праграму падрыхтавалі не толькі цяперашнія салісты калектыву, але і яго выпускнікі”.

Ганаровым госцем мерапрыемства стала рэктар універсітэта Ганна Сендзер. Ганна Мікалаеўна падкрэсліла важнасць справаздачнага канцэрта ў творчасці студыі, адзначыла запатрабаванасць творчага калектыву не толькі на ўніверсітэцкай, але і на гарадской і абласной сцэнах. Студыя “Ступені” і асобныя яе ўдзельнікі з’яўляюцца жаданымі гасцямі на самых розных музычных мерапрыемствах. Рэктар высока ацаніла творчую працу кіраўніка “Ступеней” Ларысы Борсук, яе плённую працу на карысць універсітэта, падзякавала за падрыхтоўку прызёраў і лаўрэатаў шматлікіх песенных конкурсаў, у ліку якіх і ўдзельнікі студыі, і ўручыла кветкі.

У сваю чаргу, Ларыса Іванаўна выказала рэктару словы ўдзячнасці за прызнанне, коратка расказала пра калектыў. Студыя эстрадных спеваў “Ступені” была створана ў 2012 годзе. Назва калектыву сімвалічная: яго салісты засвойваюць азы музычнага мастацтва прыступка за прыступкай і дасягаюць вялікіх вяршынь. Ларыса Іванаўна адзначыла, што ўсе ўдзельнікі канцэрта маюць добрыя прыродныя вакальныя дадзеныя, якія, дзякуючы настойлівай працы над сабой і жаданню ўдасканальваць спеўнае майстэрства, з кожным днём раскрываюцца па-новаму. Здольнасці, якімі надзелены студэнты, дазваляюць ім выконваць музычныя творы рознага стылю, у чым маглі пераканацца гледачы справаздачнага канцэрта.

  

Удзельнікі выступалі поўным складам, а таксама дуэтамі, квартэтамі і сольна. На канцэрце гучалі эстрадныя кампазіцыі. Так, Соф’я Марціноўская арыгінальна праспявала песню “Пакліч мяне з сабой” з рэпертуару Алы Пугачовай. Усе былі рады з’яўленню на сцэне Ірыны Ментуз, якая выканала “Адажыа”. Парадавалі гледачоў і выпускнікі: Ксенія Пухнарэвіч, салісты вакальнага трыа “Рух” Дзмітрый Машчук і Фёдар Мартыновіч, Яна Буцкевіч, Аляксандра Халопава.

Асаблівае месца ў рэпертуары студыі займае тэма любові да роднай Беларусі, песні на роднай мове. На справаздачным канцэрце Кацярына Касынюк выканала кампазіцыю “Куточак Беларусі”, а Уладзіслаў Макарэвіч – “Вяртанне”. Ёсць у складзе студыі і прыхільнікі акадэмічных спеваў. Песні “Радасць, прывітанне!”, “Вясновае танга”, “Анёлы надзеі” і іншыя адгукнуліся ў сэрцах аўдыторыі надзеяй на шчаслівую будучыню.

  

У канцы справаздачнага канцэрта ўдзельнікі студыі падзякавалі свайму кіраўніку Ларысе Борсук за білет у насычанае падзеямі творчае жыццё, выхад на шырокую публіку і падарылі кветкі. Пасля ўсе разам выканалі фінальную песню “Мы – Сусвет” як сімвал значымасці творчасці студыі “Ступені” для ўніверсітэта і Брэстчыны. На працягу ўсяго канцэрта яго ўдзельнікі дарылі ўдзячным слухачам дыханне музыкі, якое настройвала на пазітыў і заражала энергіяй.

Падзяліцца: