Дыскусійнае пасяджэнне «Стараста групы: арганізатар і / або выканаўца»

19 лістапада 2014 года метадыстамі аддзела выхаваўчай працы з моладдзю было праведзена дыскусійнае пасяджэнне «Стараста групы: арганізатар і / або выканаўца» для старастата факультэтаў (у межах школы «Вопыт»). У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 27 студэнтаў нашага ўніверсітэта.

Удзельнікам сустрэчы было прапанавана выказаць сваё меркаванне пра змест працы стараст на факультэтах. Далей навучэнцы ацанілі адпаведнасць працы, што рэальна выконваецца iмi, з фармальнымі функцыямі, якія пазначаны ў Палажэнні пра старастат факультэта.

Перад пачаткам асноўнай часткі студэнты-старасты самастойна вызначылі правілы дыскусіі, потым падзяліліся на дзве групы. Адна з іх адстойвала аргументы на карысць таго, што стараста – гэта толькі арганізатар, а другая даказвала, што стараста – гэта толькі выканаўца. Падчас актыўнай дыскусіі студэнты выказалі нямала цікавых аргументаў, прывялі прыклады са свайго студэнцкага вопыту, прадэманстравалі свае лідарскія здольнасці, назвалі якасці, якімі павінен валодаць стараста. Сумесна прыйшлі да высновы, што лідар вучэбнай групы павінен мець актыўную жыццёвую пазіцыю, быць і арганізатарам, і асабіста ўдзельнічаць у выкананні розных спраў.

Дыскусійнае пасяджэнне завяршылася рэфлексіяй, дзе кожны мог прааналізаваць сваю працу ў камандзе і выказаць меркаванне пра важнасць падобных мерапрыемстваў.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: