Дыскусійныя арэлі

Менавіта пад такой назвай 19 лістапада прайшло вельмі цікавае мерапрыемства для беларускіх і туркменскіх студэнтаў нашага ўніверсітэта, арганізаванае дыскусійным клубам грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці кафедры паліталогіі і сацыялогіі, кафедры філасофіі і праектам Бацькі.BY. Тая малая частка інфармацыі, якую мы ведаем пра прадстаўнікоў туркменскай нацыянальнасці, хутчэй за ўсё падаецца ў выглядзе стэрэатыпаў і сацыяльных установак. Але нам у сваю чаргу цікава даведацца, што думаюць пра нас студэнты з Туркменістана і які партрэт сапраўднага беларуса малюецца ў іх свядомасці.

На гэтыя і іншыя пытанні мы пастараліся адказаць разам. Сустрэча ўключала прадстаўленне сваёй краіны: агульная інфармацыя, аповед пра традыцыі, звычаі, вядомых людзях і пра многае іншае. Вельмі займальным было складанне студэнтамі спіса стэрэатыпаў, якія характарызуюць студэнтаў з іншай краіны. Цікава было даведацца, што студэнты з Туркменістана лічаць беларусаў гасціннымі, талерантнымі, адкрытымі ў зносінах, людзьмі, што жывуць у хатах, у якіх амаль кожная 2-ая страва з бульбы. Студэнты беларускай нацыянальнасці прытрымліваюцца думкі пра сваіх таварышаў па ўніверсітэце як пра людзей, якія вельмі шануюць і паважаюць традыцыі свайго народа, запальчывых і імпульсіўных юнакоў і прыстойных, з чорнымі доўгімі валасамі ў доўгіх сукенках дзяўчат.

І непасрэдна падчас самой дыскусіі мы высветлілі, якімі якасцямі павінны валодаць сапраўдныя туркмены і беларусы, вылучылі станоўчыя і адмоўныя бакі кожнай нацыянальнасці, а таксама тое, што нас аб'ядноўвае і чым мы адрозніваемся адзін ад другога. Студэнты дзвюх краін за гарбатай і дэгустацыяй нацыянальных страў пагутарылі ў цёплай атмасферы, адказалі на пытанні, якія цікавяць адзін аднаго, і даведаліся шмат новага.

Не абышлося і без падарункаў! Усе ўдзельнікі сустрэчы атрымалі значкі з сімволікай нашага роднага ўніверсітэта. А завяршылася наша сустрэча пад песні на родных мовах дзвюх краін, якія даўно ўжо сталі сябрамі: Беларусь і Туркменістан.

Кацярына Цабрук
(Сацыяльна-педагагічны факультэт)

Падзяліцца: