«Дыялог культур» ва ўніверсітэцкім асяроддзі

Лепшыя гады жыцця чалавека прыпадаюць на студэнцкі перыяд, калі творчы патэнцыял раскрываецца ў поўную сілу. Вялікае значэнне для развіцця маладога чалавека маюць умовы, у якіх адбываецца яго станаўленне. Адукацыйнае асяроддзе нашага ўніверсітэта стварае вялікія магчымасці для развіцця студэнтаў розных нацыянальнасцей дзякуючы клубнаму аб’яднанню «Дыялог культур». 3 красавіка 2019 года клуб «Дыялог культур» адзначыў сваё пяцігоддзе святочнай праграмай «Горад, які нас аб’ядноўвае». Сапраўды, універсітэт і горад Брэст сабралі прадстаўнікоў розных народаў і нацыянальнасцей.

Клуб «Дыялог культур» з’яўляецца ўнікальнай з’явай у Беларусі, аналагаў яму няма ні ў адной установе адукацыі краіны. Клуб аб’яднаў як беларускіх навучэнцаў, так і студэнтаў іншых нацыянальнасцей. Асаблівы культурны каларыт дэманструюць студэнты краін Азіі.

Мерапрыемства сабрала шматлікіх гасцей, сярод якіх: рэктар універсітэта Г.М. Сендзер, прарэктар па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова, першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Ю.С. Сегянюк, прафесар кафедры беларускай філалогіі З.П. Мельнікава, дырэктар інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі А.І. Мірская. На свяце таксама прысутнічалі дэканы, загадчыкі кафедраў, выкладчыкі.

Рэктар універсітэта павіншавала ўдзельнікаў клуба са святам і ўручыла самым актыўным удзельнікам клуба граматы, падзякі, дыпломы і памятныя падарункі. Затым студэнты выступілі з яркімі творчымі нумарамі, якія прадэманстравалі, наколькі багатая культурная палітра розных народаў. На свяце гучалі мелодыі розных народаў і краін. Вядучыя, змяняючы адзін аднаго, з цеплынёй і любоўю гаварылі пра ўніверсітэт, у якім яны вучацца, пра беларускі край, пра Брэст як адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Толькі цяперашнім студэнтам пашчасціла быць у Брэсце ў год яго тысячагоддзя. Гэтыя моманты застануцца з імі назаўжды.

Замежныя студэнты падкрэслілі, што ва ўмовах універсітэта яны могуць дэманстраваць сваю нацыянальную культуру, захоўваць свае традыцыі, пазнаваць багатую беларускую культуру. Дарэчы, пабываўшы на экскурсіях у розных кутках Брэстчыны, арганізаваных «Дыялогам культур», студэнты былі ўражаны багаццем матэрыяльнай культуры беларусаў. Менавіта падчас экскурсій замежныя студэнты ўпершыню паспрабавалі смачныя стравы з беларускай бульбы.

Клуб «Дыялог культур» стаў актыўным удзельнікам розных мерапрыемстваў, сярод якіх рэспубліканскія фестывалі: «Суквецце культур» у г. Гродна, «F.ART.by» у г. Мінску, міжнародны фестываль беларускіх і замежных студэнтаў «Творчасць – пасол міру» ў г. Баранавічы. Кожны раз нашы студэнты пакараюць сэрцы гледачоў і заваёўваюць новых прыхільнікаў, захапляючы сваёй творчасцю і здзіўляючы сваёй культурай.

«Дыялог культур» ініцыяваў мерапрыемствы ў рамках года Малой Радзімы, сярод якіх вечар «Зямля бацькоў – зямля натхнення», фестываль «Малая Радзіма: наш выток і пачатак!». Да правядзення мерапрыемстваў далучыліся і замежныя студэнты, бо яны ўжо лічаць Брэст сваёй другой малой Радзімай.

Удзельнікі свята адзначылі, што сёння дзеці, якія нарадзіліся ў адной краіне, могуць спакойна жыць і вучыцца ў другой і інтэгравацца ў зусім іншую культуру, што паказаў на ўласным прыкладзе васьмігадовы туркменскі хлопчык Араз Эзізмурадаў, вучань СШ № 18. Ён цудоўна прачытаў вершы «Пасланне нашчадкам», напісаныя першым прэзідэнтам Туркменістана С. Ніязавым. Студэнты з Туркменістана падкрэслілі, што ганарацца тым, што ў культурным жыцці Брэста прадстаўлены традыцыі іх краіны, носьбітамі якіх яны з’яўляюцца, асабліва ў гэтым значным годзе, калі горад абвешчаны культурнай сталіцай краін СНД.

Удзельнікі клуба «Дыялог культур» выказалі падзяку за пастаянную падтрымку клуба рэктару ўніверсітэта Г.М. Сендзер, прарэктару па выхаваўчай працы Т.В. Сакаловай, старшыні прафкама студэнтаў Р.В. Чулю, загадчыку кафедры педагогікі Т.А. Кавальчук, прафесару кафедры беларускай філалогіі З.П. Мельнікавай, дацэнту кафедры беларускай філалогіі С.М. Шчэрбе, выхавальнікам студэнцкага гарадка С.К. Страпко, І.М. Серадзе, І.М. Алейнік.

Пад канец свята на сцэну паднялася Таццяна Сакалова і ўручыла студэнтам карзіну смачных піражкоў, якія прыгатаваны кулінарамі гандлёвага цэнтра ўніверсітэта. Яшчэ адзін смачны падарунак – пышны пірог – быў уручаны ўдзельнікам клуба «Дыялог культур» ад дэканата біялагічнага факультэта. Святочны настрой стварыў для «Дыялогу культур» і прафкам студэнтаў універсітэта, які арганізаваў салодкі стол.

У перспектыве ў клуба рэалізацыя новых задумак. Хутка паедуць на Радзіму выпускнікі. Жадаем ім паспяховага старту ў прафесійнай дзейнасці і прымянення вопыту, набытага ў «Дыялогу культур». І спадзяёмся, што нашы рады будуць папаўняцца творчымі, энергічнымі і ініцыятыўнымі студэнтамі.

З.С. Ляўчук, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: