Дзелавая гульня «Асновы студэнцкага тайм-менеджменту»

«Асновы студэнцкага тайм-менеджменту» – пад такой назвай 10 снежня 2015 года прайшла дзелавая гульня для секцыі «Я лідар» у рамках школы «Вопыт». Арганізатарамі выступілі метадысты аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Краўчук Людміла Андрэеўна і Сухарук Наталля Уладзіміраўна. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел 17 старастаў вучэбных груп 1 курса – прадстаўнікі ўсіх факультэтаў нашага ўніверсітэта.

З мэтай развіцця ў першакурснікаў здольнасцяў да актыўнай адаптацыі былі разгледжаны агульныя прынцыпы тайм-менеджменту і праведзены практыкаванні на развіццё ўменняў самаарганізацыі.

У працэсе гульні студэнты аналізавалі, наколькі рацыянальна яны размяркоўваюць свой час на працягу дня, выяўлялі прычыны неэфектыўнага яго выкарыстання, з цікавасцю ўдзельнічалі ў практыкаванні па планаванні сваёй дзейнасці на вучэбны і выхадны дзень. Удзельнікі пазнаёміліся з вопытам паспяховага размеркавання часу сваіх аднакурснікаў, а таксама студэнтаў беларускіх і замежных універсітэтаў.

Пры падвядзенні вынікаў першакурснікі адзначылі важнасць практычнага складніка дзелавой гульні. Кожны змог прааналізаваць сваю дзейнасць падчас вучобы і ў вольны час, знайсці падказкі, як стаць паспяховым студэнтам.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: