Дзень культуры Вялікабрытаніі

21 снежня 2017 г. у культурным жыцці гістарычнага факультэта адбылася знамянальная падзея – Дзень культуры Вялікабрытаніі. Гэтае свята праводзіцца на факультэце ўжо шмат гадоў, як і іншыя аналагічныя мерапрыемствы – Дні культуры краін Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, Венесуэлы, краін заходняй культуры міжваеннага часу і інш. У гэты дзень студэнты і выкладчыкі факультэта атрымалі магчымасць акунуцца ў паўсядзённае жыццё Вялікабрытаніі і азнаёміцца з рознымі аспектамі яе культурнага жыцця.

Мерапрыемства пачалося з перформансу «Адзін дзень з жыцця Хогвартса». Удзельнікі і гледачы ўспомнілі легендарную школу вядзьмарства і чараўніцтва – alma mater Гары Потэра. Акунуцца ў таямнічую атмасферу Хогвартса дапамагала адпаведная англійская музыка. Тут жа працавала фотазона. З 11.25 да 11.55 у холе 5 паверха прайшла займальная квест-гульня «Чыста англійскае забойства», якое расследавалі, натуральна, Шэрлак Холмс і доктар Ватсан. На наступным перапынку ў запоўненым брытанскай атрыбутыкай калідоры 5 паверха адбылася інсталяцыя «На вуліцах Лондана». Тут можна было азнаёміцца з узорамі брытанскай поп-музыкі і моладзевых субкультур, а студэнты правялі квест-віктарыну «Ці ведаеце вы гісторыю Вялікабрытаніі?»

У 15.00 у аўдыторыі 317 прайшоў «Прыём у англійскай каралевы» (яе ролю выканала студэнтка гістарычнага факультэта), падчас якога была праведзена цырымонія ўзнагароджання Лонданскага каралеўскага навуковага таварыства і былі падараваны тытулы сэра студэнтам, што актыўна займаюцца навукай і арганізацыяй культурнага жыцця факультэта. У цырымоніі, акрамя выкладчыкаў і студэнтаў факультэта, актыўны ўдзел прынялі вучні ліцэяў, гімназій і школ Брэста. Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўзнагароджанне пераможцаў Рэгіянальнай алімпіяды па ўсеагульнай гісторыі сярод старшакласнікаў агульнаадукацыйных школ, ліцэяў і гімназій. Навучэнцы САШ №29 наладзілі міні-канцэрт твораў ангельскай эстрады і паэзіі. Затым удзельнікі «Дня» адправіліся на пасяджэнне дыскусійнага клуба пад кіраўніцтвам дацэнта Я.С. Разенблата, дзе абмеркавалі стэрэатыпы аб Вялікабрытаніі і брытанцах.

Завяршылася мерапрыемства англійскім чаяваннем «Файв-о-клок», наладжаным ў традыцыях класічнай культуры спажывання гарбаты ў Вялікабрытаніі.

Дзень культуры Вялікабрытаніі быў арганізаваны кафедрай усеагульнай гісторыі гістарычнага факультэта. Актыўную дапамогу ў падрыхтоўцы мерапрыемства аказаў дэканат факультэта ў асобе дэкана Бурык А.А. і намесніка дэкана Занько Я.Ю., а таксама студэнты і магістранты – члены навуковага таварыства факультэта. Арганізатары мерапрыемства таксама выказваюць падзяку прафсаюзнаму камітэту студэнтаў універсітэта і яго кіраўніку Р.В. Чулю за дапамогу ў падрыхтоўцы «Дня», а таксама кафедры крымінальна-прававых дысцыплін – за ветліва прапанаваны рэквізіт.

Кафедра ўсеагульнай гісторыі

Падзяліцца: