Дзіцячае свята «Усе мы родам з дзяцінства»

1 чэрвеня 2016 года на цеплаходзе «Гродна» адбылося дабрачыннае дзіцячае свята «Усе мы родам з дзяцінства», прымеркаванае да Дня абароны дзяцей. Свята было арганізавана Брэсцкай гарадской арганізацыяй Чырвонага Крыжа сумесна са студэнтамі 22 групы спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка» псіхолага-педагагічнага факультэта.

Для рабят была праведзена тэатральна-гульнявая праграма «Сустракаем лета з сябрамі». На мерапрыемстве дзеці акунуліся ў атмасферу казкі і незвычайных розыгрышаў. Добрая і вясёлая Смяшынка са сваімі сябрамі-клоўнамі праводзіла гульні і конкурсы з рабятамі, загадвала загадкі. Хлус-Забіяка блытаў дзяцей сваімі пытаннямі і ўсё рабіў няправільна, а дзеці яго папраўлялі. Пацешны сюжэт прадстаўлення з песнямі, танцамі, тэатрам-экспромтам, загадкавымі фокусамі вельмі спадабаўся маленькім гасцям, дзеці павесяліліся ад душы.

Прыемным сюрпрызам для дзяцей сталі нечаканыя падарункі ад клоўнаў: яны падарылі кожнаму дзіцяці рознакаляровыя паветраныя шары, змадэляваныя ў выглядзе «мульцяшных» герояў, кветак і г.д.

Пасля гульнявой праграмы прайшла дыскатэка.

Кафедра педагогікі пачатковага навучання

Падзяліцца: