Эфектыўнасць урока – стымул да поспеху настаўніка і вучня

19 кастрычніка 2016 года на псіхолага-педагагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбыўся гарадскі навукова-метадычны семінар «Эфектыўнасць урока – стымул да поспеху настаўніка і вучня». Арганізатарам семінара выступіла кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання.

Ва ўступным слове кандыдат педагагічных навук, дацэнт Т.С. Аніскевіч падкрэсліла, што ў сучасным свеце высокіх тэхналогій эфектыўнасць з’яўляецца адной з асноўных характарыстык любой дзейнасці, у тым ліку і педагагічнай. Поспеху ў навучанні малодшых школьнікаў дасягае той настаўнік, які ўмее ствараць на ўроку сітуацыю ўзаемадзеяння, удзелу ў цікавым працэсе пазнання. Выступоўцы Г.Я. Чалей (кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў СШ № 13), а таксама настаўнік-дэфектолаг А.І. Саковіч і настаўнікі пачатковых класаў Н.Я. Цяліпка, Ю.В. Асіюк і Н.А. Бобрык падзяліліся ўласным вопытам выкарыстання эфектыўных метадаў і прыёмаў на ўроках у пачатковых класах.

Т.С. Аніскевіч дала ўсім удзельнікам магчымасць актыўна ўключыцца ў абмеркаванне закранутых тэм, задаваць пытанні, дзяліцца вопытам. Мерапрыемства прайшло вельмі прадуктыўна і дазволіла кожнаму госцю семінара дадаць у сваю метадычную скарбонку цікавыя ідэі і па-новаму ацаніць уласную працу.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: