«ЭКАМАРАФОН-2017»: разам да здаровай будучыні!

А на псіхолага-педагагічным факультэце зіма пачалася з незвычайнай ўрачыстасці! 6 снежня 2017 года ў рамках рэалізацыі ўніверсітэцкага праекта «Майстэрня поспеху» ў актавай зале Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна адбыўся традыцыйны міжфакультэцкі конкурс «Экамарафон», прысвечаны разумным адносінам да прыроды. Арганізатарамі «Экамарафона-2017» сталі выкладчыкі кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі і студэнты другога курса спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка». Асноўную працу па падрыхтоўцы мерапрыемства (размеркаванне даручэнняў, напісанне сцэнарыя і інш.) узялі на сябе студэнткі Трафімук Людміла і Вакула Наталля.

У гэтай творчай падзеі прынялі ўдзел наступныя каманды: «Зялёныя далонькі» (псіхолага-педагагічны факультэт), «М.А.П.К.»Мы Ахоўваем Прыроду Краіны») (факультэт замежных моў), «Экалюдзікі» (біялагічны факультэт), «Перапрацоўка розуму» (сацыяльна-педагагічны факультэт).

Адкрыла «Экамарафон» загадчык кафедры педагогікі сацыяльнай і пачатковай адукацыі І.Г. Матыцына, якая прадставіла ўдзельнікаў і членаў журы.

Змест праграмы ўключаў розныя конкурсы.

Конкурс «Візітка каманды». Ацэньваліся арыгінальнасць назвы каманды, дэвізу, эмблемы і адпаведнасць іх праблематыцы «Экамарафона».

Конкурс «Стагоддзе пераменаў». Каманды падрыхтавалі відэаролік, прэзентацыю з выкарыстаннем відэасюжэтаў, фотаздымкі пра змены ў прыродзе, культуры, грамадстве, у чалавеку за апошняе стагоддзе. Ацэньваліся ідэя, тэхнічнае і музычнае афармленне.

Конкурсы-экспромты (экалагічная віктарына): «Тыя, хто жыве ў легендах», «Вуснамі немаўляці, ці Знаёмыя незнаёмцы», «Экалагічны калейдаскоп». Каманды па чарзе адказвалі на першы погляд простыя пытанні вядучых: «Якая агародніна нагадвае касмічную талерку? У каго шыя мае больш пазванкоў: у свінні або ў жырафы? Што ў хлебе родзіцца, а есці не гадзіцца? Якую траву пазнаюць нават сляпыя?» і г.д.

І, нарэшце, самы доўгачаканы і непрадказальны з усіх конкурсаў – «Тэатр моды: зімовы эцюд». Кожная каманда прадставіла 2-3 касцюмы з розных бытавых адходаў. Створаныя мадэлі здзівілі гледачоў прыгажосцю і крэатыўнасцю выканання. Вопратка і аксэсуары былі зроблены з газет, поліэтыленавых пакетаў, старых парасонаў, упаковак для яек... Арыгінальнае і чароўнае дэфіле нікога не пакінула абыякавым.

Пасля нядоўгай нарады членаў журы інтрыгі конкурсу вырашыліся. Журы вызначыла пераможцаў у намінацыях:

  • «Экалогія і творчасць» – сацыяльна-педагагічны факультэт,
  • «Экалогія і каманда» – факультэт замежных моў,
  • «Экалогія і інтэлект» – біялагічны факультэт,
  • «Экалогія і імправізацыя» – псіхолага-педагагічны факультэт.

Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў стала тое, што яны былі ўзнагароджаны не аднымі толькі дыпломамі. Прафсаюзны камітэт студэнтаў універсітэта падрыхтаваў прызы для пераможцаў конкурсаў – фруктовыя наборы. Смачна, экалагічна, карысна!

Усе канкурсанты, члены журы і гледачы атрымалі мора пазітыўных эмоцый. Завяршыўся конкурс агульным фотаздымкам.

Віншуем удзельнікаў!

Вольга Канстанціновіч, студэнтка 2 курса (гр. 22) псіхолага-педагагічнага факультэта

Падзяліцца: