Фестываль “Неруш роднага слова”

30 лістапада пачаткам дзён філалагічнага факультэта стаў фестываль “Неруш роднага слова”.

Мэтамі фестывалю з’яўляюцца выхаванне пачуцця годнасці за нацыянальную духоўную і моўную культуру беларускага народа, выяўленне найбольш здольных студэнтаў з развітым лінгвістычным мысленнем, а таксама прэзентацыя нацыянальнай адметнасці беларускага слова, прывіццё студэнтам сапраўднай культуры мовы.

Гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю сталі вучні 9–11 класаў ДУА “СШ в. Чэрні” Брэсцкага раёна і настаўнікі Святлана Рыгораўна Кірылюк і Юлія Віктараўна Шэйка, вучні 11 класа ДУА “СШ в. Здзітава” Бярозаўскага раёна і настаўнік Кацярына Аляксандраўна Галаўко, вучні “СШ № 7 г. Брэста” і настаўнік Наталля Мікалаеўна Коваль, студэнты першага курса юрыдычнага факультэта аддзялення “Бізнес-адміністрыраванне” і студэнты філалагічнага факультэта аддзялення “Беларуская філалогія”.

Фестываль пачаўся мастацкай кампазіцыяй, якую падрыхтавалі студэнты трэцяга курса спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Гучала жывое, гаваркое слова – у песні, у вершы, у п’есе, у загадцы, ва ўстойлівым выразе, у жывым маўленні вясковых жыхароў. Для студэнтаў першага курса юрыдычнага факультэта аддзялення “Бізнес-адміністрыраванне” была праведзена віктарына “Таямніцы народнага слова”.

Фестываль прадоўжыўся працай лакацый: “Смачнае слова”, “Слова ў паперы”, “Крылатае слова”, “Слова і славутасці на карце Брэстчыны”, “Брэстчына ў раёнах”, “Сімвалы Беларусі”, “Мова кветак”, “Любімае слова па-беларуску”, “Слова лечыць” і фотазоны.

Гучала мова першай матчынай калыханкі і апошняга «бывай», мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё: можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць. Гнуткі, пявучы, адвечна новы інструмент, без якога нельга ўявіць сабе сваё жыццё, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць. Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу.

Дзякуем усім удзельнікам нашых мерапрыемстваў і спадзяёмся на наступныя плённыя сустрэчы.

Кафедра беларускага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: