Фінал універсітэцкага конкурсу «Лепшая вучэбная група»

18 мая 2016 года адбыўся фінальны этап традыцыйнага ўніверсітэцкага конкурсу «Лепшая вучэбная група». На сцэне актавай залы самыя годныя прадстаўнікі студэнцтва Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна сышліся ў барацьбе інтэлекту і творчасці, адзінства духу і лідарскіх якасцяў.

Конкурс праходзіў у тры этапы. На першым вызначалася лепшая група на факультэце. На другім – лепшыя вучэбныя групы ўніверсітэта, якія дасягнулі найбольш высокіх вынікаў у вучэбнай, навукова-даследчай і пазавучэбнай дзейнасці (грамадскай, творчай, культурна-масавай, спартыўнай, фізкультурна-аздараўленчай).

Трэці этап – фінал. Ён складаўся з 4 заданняў: самапрэзентацыя групы «Нам пашчасціла вучыцца разам», турнір для старастаў «Прысвячэнне ўніверсітэту», творчы нумар у фармаце «Слова ў слова», а таксама вынасны конкурс відэаролікаў «Культура мяняе нас».

Па выніках усіх конкурсных этапаў «Лепшай вучэбнай групай-2016» стала вучэбная група 4-га курса сацыяльна-педагагічнага факультэта (спецыяльнасць «Сацыяльна-педагагічная дзейнасць»). Галоўным прызам для каманды-пераможцы стаў сертыфікат на гульню «Лазертаг» у клубе «Рэвальвер».

Астатнія фіналісты сталі пераможцамі ў наступных намінацыях:

  • «Разумнікі і разумніцы» – вучэбная група 3-га курса гістарычнага факультэта (спецыяльнасць «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны»);
  • «Адзінства духу – згуртаванасць каманды» – вучэбная група 2-га курса факультэта фізічнага выхавання (спецыяльнасць «Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць»);
  • «Актыўныя даследчыкі» – вучэбная група 3-га курса біялагічнага факультэта (спецыяльнасць «Біялогія»).

Віншуем ўсіх удзельнікаў
і выказваем падзяку групам падтрымкі,
кіраўніцтву факультэтаў і ўніверсітэта,
прафсаюзнаму камітэту студэнтаў і першаснай арганізацыі БРСМ!

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: