Формула поспеху БрДУ

Урачысты вечар, прысвечаны 71-му дню нараджэння ўніверсітэта, адбыўся ў Цэнтры моладзевай творчасці 27 кастрычніка. Праца фотазоны ў фае, прывітанне рэктара, цырымонія ўзнагароджання і канцэртная праграма сталі важнымі часткамі свята і гарманічна дапаўнялі адна адну.

Пасля сумеснага спеву гімна БрДУ і прагляду фоталетапісу «Універсітэт: год за годам» рэктар Ганна Мікалаеўна Сендзер выступіла з прывітальным словам. У сваёй прамове Ганна Мікалаеўна акцэнтавала ўвагу на тым, што паспяховая дзейнасць універсітэта – гэта заслуга ўсяго калектыву ВНУ.

Ганараванне лепшых работнікаў, аспірантаў, магістрантаў і студэнтаў БрДУ праходзіла ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Самай галоўнай узнагародай – нагрудным Ганаровым знакам – ушанаваліся прафесар кафедры заалогіі і генетыкі Васіль Емяльянавіч Гайдук і дацэнт кафедры крымінальна-прававых дысцыплін Галіна Іванаўна Займіст. «Мы ганарымся Вамі і шчыра дзякуем за адданасць нашаму ўніверсітэту», – падкрэсліла Ганна Мікалаеўна.

Падзякі рэктара і памятныя падарункі былі ўручаны выкладчыкам за актыўную навукова-даследчую дзейнасць і вучэбна-метадычную працу. Сярод лепшых студэнтаў аказаліся Таццяна Халадовіч і Ганна Малышчык – фіналісты XXXI Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра.

З асаблівым хваляваннем і гонарам на сцэну выходзілі бацькі годных прадстаўнікоў студэнцтва – ім былі аб’яўлены падзякі за выхаванне таленавітай моладзі. Словы прызнання ўніверсітэту і пажаданні здароўя і дабрабыту педагагічнаму калектыву ад імя бацькоў студэнтаў выказаў старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Рыгор Васільевіч Пратасавіцкі, бацька студэнткі трэцяга курса філалагічнага факультэта.

У Дзень нараджэння ўніверсітэта ўшаноўвалі і членаў апякунскага савета. Адзін з іх, дырэктар прыватнага ўнітарнага машынабудаўнічага прадпрыемства «КОМПО» Міхаіл Міхайлавіч Белавусаў, паднёс падарунак БрДУ – адзінаццаты том альманаха «Спадчына», а таксама прачытаў свае новыя вершы. Гэта праніклівае выступленне суправаджалася майстэрствам пескаграфіі ў выкананні выпускніцы псіхолага-педагагічнага факультэта Алены Чавусавай.

Канцэртная праграма была яркай і запамінальнай: жывое выкананне песень, танцавальныя народныя нумары і «паветраныя» па вальса прыгожа абрамлялі ўрачыстасць, ідэяй якой стала вызначэнне формулы поспеху нашага ўніверсітэта.

І гэтая формула была знойдзена: поспех БрДУ складваецца з яднання душ і розумаў мудрых кіраўнікоў, якія шукаюць вучоных, дасведчаных навукоўцаў, кваліфікаваных спецыялістаў, таленавітых, мэтанакіраваных студэнтаў – усіх тых, хто робіць будучыню ўніверсітэта сёння. Пад словы песні «Мір усім» і зарапад з паветраных шароў урачысты вечар завяршыўся.

Дарагія выкладчыкі і студэнты!
Віншуем Вас з днём нараджэння ўніверсітэта і пачаткам новай старонкі ў яго гісторыі!
Жадаем моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, поспехаў ва ўсіх справах, поспеху і дабрабыту!

Юлія Воўк

Падзяліцца: