Гістарычнаму факультэту 25 гадоў

25-26 лістапада 2016 года на гістарычным факультэце адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «З гісторыі навукі Беларусі: да 25-годдзя гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна».

Урачыстае пасяджэнне адкрыла рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Ганна Мікалаеўна Сендзер, якая павітала ўдзельнікаў канферэнцыі і павіншавала прафесарска-выкладчыцкі склад і супрацоўнікаў факультэта з юбілеем.

Далей слова было дадзена Высокапраасвяшчэннейшаму Іаану, Архіепіскапу Брэсцкаму і Кобрынскаму. У сваёй прамове да прысутных архіпастыр павіншаваў калектыў і студэнтаў гістарычнага факультэта, а таксама падкрэсліў, што «за мінулыя гады гістарычны факультэт ператварыўся ў найбуйнейшы рэгіянальны цэнтр падрыхтоўкі спецыялістаў-гісторыкаў, стаў адным з тых, што найбольш дынамічна развіваюцца ў сучаснай Беларусі». Уладыка Іаан падзякаваў гістарычнаму факультэту і ўніверсітэту ў цэлым за супрацоўніцтва з Брэсцкай епархіяй, уручыўшы дэкану Алене Аляксееўне Бурык пісьмовую архіерэйскую падзяку гістарычнаму факультэту «За старанную працу ў славу Святой Маці-Царквы» і падараваў кнігі па гісторыі Праваслаўнай Царквы.

Са словамі прывітання звярнуліся да прысутных прарэктар Універсітэта ў Беластоку, прафесар Войцэх Сляшынскі, вучоны сакратар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук Андрэй Пятровіч Салаўянаў, прарэктар па навукова-метадычнай працы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, кандыдат гістарычных навук Ігар Уладзіміравіч Цітовіч, дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова», кандыдат гістарычных навук, дацэнт Уладзімір Васільевіч Барысенка, намеснік дырэктара па навуковай працы Луцкага інстытута развіцця чалавека Універсітэта «Украіна», доктар філасофіі, дацэнт Алена Анатольеўна Бундак, першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «БРСМ» Віктар Сяргеевіч Іваноў, дырэктар Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці Ганна Генадзьеўна Карапузава і інш. З віншаваннямі ад імя гарадзенскіх гісторыкаў выступіў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», кандыдат гістарычных навук Аляксей Мікалаевіч Загідулін. Былі агучаны віншавальныя лісты дырэктара філіяла РДГУ ў г. Дамадзедава, доктара эканамічных навук, прафесара Яўгена Мікалаевіча Сафонава і намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, кандыдата гістарычных навук, дацэнта Вольгі Мікалаеўны Папко.

Пленарнае пасяджэнне адкрыў даклад дэкана гістарычнага факультэта, кандыдата гістарычных навук Алены Аляксееўны Бурык «Гістарычны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна: этапы станаўлення і развіцця». З дакладам «Гістарычны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна: навуковы патэнцыял і перспектывы яго развіцця» выступіў загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч. Аргументаваным дадаткам да даклада стала выстава «Навуковыя і вучэбныя выданні выкладчыкаў гістарычнага факультэта».

Пасля перапынку пленарнае пасяджэнне працягнулі даклады дырэктара «Цэнтра сацыяльна-эканамічных і міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар» УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», доктара гістарычных навук, прафесара Дзмітрыя Уладзіміравіча Карава, прафесара УА «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка», доктара гістарычных навук Георгія Уладзіміравіча Карзенкі, дацэнта кафедры гісторыі славянскіх народаў УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна», кандыдата гістарычных навук Аляксандра Аляксандравіча Башкова, дацэнта Вільнюскага ўніверсітэта, доктара гістарычных навук Альгіса Павіласа Касперавічюса.

Пасля пленарнага пасяджэння праца канферэнцыі працягнулася ў 9 секцыях, прысвечаных тэмам: «Гісторыя навукі і адукацыі», «Гісторыя царквы», «Беларуская археалогія, этнаграфія, рэгіяналістыка», «Праблемы сучаснасці ў навуковых даследаваннях Беларусі» і інш. Усяго на разгляд аргкамітэта былі прапанаваны 105 дакладаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, прысвечаных актуальным праблемам навукі і адукацыі Беларусі і сумежных краін. У рамках канферэнцыі адбыўся навукова-метадычны семінар «Гістарычная адукацыя ў кантэксце Балонскага працэсу» пры ўдзеле прарэктара па навукова-метадычнай працы РІВШ Ігара Уладзіміравіча Цітовіча, начальніка аддзела вучэбна-праграмнай дакументацыі, дацэнта кафедры кіравання і эканомікі РІВШ Валянціны Рыгораўны Швайко і выкладчыкаў нашага ўніверсітэта.

26 лістапада для ўдзельнікаў канферэнцыі была арганізавана экскурсійная праграма з наведваннем радавой пахавальні Панятоўскіх у в. Воўчын, сядзібна-паркавага комплексу «Грымяча» і гісторыка-мемарыяльнага музея «Сядзіба Нямцэвічаў» у в. Скокі.

Аргкамітэт канферэнцыі выказвае ўдзячнасць кіраўніцтву ўніверсітэта, гасцям, калегам-гісторыкам, студэнтам.

Аргкамітэт канферэнцыі

Падзяліцца: