Гістарычны факультэт на музейнай Арт-маёўцы

Археалагічны музей “Бярэсце” прапанаваў усім, хто неабыякавы да гісторыі роднага горада, аб’яднаць намаганні для яе папулярызацыі і прыняць удзел у “Арт-маёўцы”. Яна прайшла на тэрыторыі музея ўвечары 31 мая 2014 года. Студэнты гістарычнага факультэта на чале з выкладчыкамі А.Ю.Бодакам і А.А.Бурык прынялі ў ёй актыўны ўдзел.

На месцы раскопак Берасцейскага замка прайшла экскурсія “Засталіся мінулага знакі – зямля, і гліна, і камяні”, падчас якой экскурсавод пазнаёміў гасцей свята з тэорыямі прафесіяналаў-гісторыкаў, якія вывучалі знаходкі ў новых раскопах, адносна планіроўкі і функцыянавання старадаўняй цытадэлі над Бугам. Крыху далей размясціўся невялікі манетны двор, дзе кожны жадаючы мог адчаканіць сабе манету з гербам горада і атрымаць на яе сертыфікат. На кірмашы можна было набыць сувеніры ручной працы. Таксама можна было пакаштаваць берасцейскага хлеба, “пакатацца” на кані-бервяне і, разгадаўшы загадку, сфатаграфавацца ў вобразе берасцяянкі.

У музеі прайшоў майстар-клас па вырабе лялькі-абярэга, а на беразе ракі быў створаны лабірынт з грашовым дрэвам у цэнтры. Ён карыстаўся вялікай папулярнасцю ў наведвальнікаў, якія спрабавалі прайсці яго і ўкласціся ў ліміт часу – 1 хвіліна 50 секунд. Некаторых “заносіла” на паваротах дарожкі, якая зманліва кружыла вакол цэнтра лабірынта. Нямногія змаглі дабрацца да запаветных скарбаў.

На тэрыторыі музея таксама размясціўся і рынак-абмен, дзе кожны змог аддаць добрыя рэчы бясплатна і атрымаць узамен тое, што даўно шукаў.

Аматары інтэлектуальных заняткаў адказвалі на пытанні гістарычнай віктарыны або блукалі па музеі, самастойна шукаючы факты па гісторыі старажытнага горада. Студэнцкая моладзь гістарычнага факультэта ў складзе 8 каманд актыўна ўдзельнічала ў квест-экскурсіі “Ад Бярэсця да Брэсцкай крэпасці”.

Перад музеем дэманстравалі сваё майстэрства юныя каратысты, пасля чаго аматары і знаўцы сярэднявечча гулялі з усімі жадаючымі ў старадаўнія гульні. Не абышлося і без энергічных сярэднявечных танцаў. Музычнае суправаджэнне забяспечваў ансамбль сярэднявечных інструментаў, у якім іграе наш студэнт-першакурснік Д.Навумчык. Для жадаючых быў праведзены майстар-клас сярэднявечнага танца. Такіх набралася больш за паўсотню, і, акрамя нашых студэнтаў, у іх ліку апынуліся і госці з Нідэрландаў.

Вечар скончыўся ўзнагароджаннем пераможцаў квест-экскурсіі (1 і 2 месцы занялі каманды студэнтаў 4-га курса на чале з А.Тарноўскай і А.Рабой) і гістарычнай віктарыны (1, 2 і 3 месца занялі студэнты 4-га курса І.Мальцаў, А.Дацкевіч, С.Ісакоў).

Гістарычны факультэт у чарговы раз праявіў сябе як згуртаваны калектыў, дзе кожны адчувае сябе яго непарушнай часцінкай. “Арт-маёўка” атрымалася на славу.

Гістарычны факультэт

Падзяліцца: