Год моладзі: універсітэцкая навукова-практычная студэнцкая канферэнцыя «СМІ. Культура. Моладзь»

12 сакавіка на філалагічным факультэце адбылася навукова-практычная студэнцкая канферэнцыя «СМІ. Культура. Моладзь», арганізатарам якой з’яўляецца кафедра журналістыкі. З прывітальным словам выступілі загадчык кафедры журналістыкі Людміла Скібіцкая і старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгій Тамашэвіч.

Праца вялася па дзевяці секцыях. Кола тэм, якія зацікавілі студэнцкую аўдыторыю, было шырокае. Удзельнікі канферэнцыі паспрабавалі разабрацца ў такіх праблемах, як жанравыя асаблівасці журналісцкіх тэкстаў, гендэр у культуры і СМІ, адлюстраванне карціны свету ў літаратуры, зараджэнне абласной і гарадской прэсы, дызайн газет, і нават закранулі пытанні хімічнай медыяадукацыі.

Жывую цікавасць і дыскусію выклікалі выступленні Дзмітрыя Босака пра маўленчую агрэсію, Вікторыі Атрошчанкі пра жаночую журналістыку, даклад Ганны Івашчанкі, прысвечаны інтэрв’ю як метаду і жанру. Не менш цікавым было выступленне Анастасіі Наздрын-Платніцкай, якая расказала пра падрыхтоўку і арганізацыю тэлерэпартажу, а таксама прапанавала для прагляду аўтарскія відэасюжэты.

Стэндавыя даклады падалі студэнты з Паўночна-Усходняга дзяржаўнага ўніверсітэта (Магадан, Расія) і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Па выніках форуму плануецца падрыхтоўка электроннага выдання матэрыялаў.

Удзел у такіх мерапрыемствах спрыяе развіццю лідарскіх якасцей моладзі і фарміраванню навыкаў ў вядзенні дыскусіі. Правядзенне канферэнцый з’яўляецца пацвярджэннем таго, што ўніверсітэт імкнецца прыцягнуць моладзь да навуковай сферы і дапамагае студэнтам раскрыць свой навуковы і творчы патэнцыял. Магчыма, для кагосьці гэтая канферэнцыя стане пуцёўкай у свет вялікай навукі.

Юлія Воўк, спец. «Журналістыка (друкаваныя СМІ)»

Падзяліцца: