Х міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання”

19 лістапада 2021 г. на філалагічным факультэце прайшла Х Міжнародная навуковая канферэнцыя “Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання”. Ініцыятарам і арганізатарам навуковага мерапрыемства стала кафедра агульнага і рускага мовазнаўства. Адкрыццё канферэнцыі адбылося ў Культурна-асветным цэнтры імя У.А. Калесніка. З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся прарэктар па навуковай працы нашага ўніверсітэта А.Я. Будзько.

Канферэнцыя атрымала вядомасць у рэспубліцы і па-за яе межамі, стала традыцыйнай праз актуальнасць яе праблематыкі для нашага пагранічнага рэгіёна, які размешчаны ў месцы суіснавання розных славянскіх моўных стыхій. Такім суседствам абумоўлена наяўнасць у мове рэгіёна багатага матэрыялу для даследаванняў.

Цяпер на кафедры агульнага і рускага мовазнаўства распрацоўваецца навуковая тэма “Дынамічныя працэсы ў славянскіх мовах”, якая стала працягам трох завершаных раней тэм славянскай моўнай праблематыкі. Ёсць пэўныя напрацоўкі, якія патрабуюць абагульнення, таму можна сказаць, што правядзенне канферэнцыі заяўленай тэматыкі запатрабавана навуковымі зацікаўленнямі кафедры і факультэта.

Калі меркаваць па колькасці дакладаў, уключаных у праграму канферэнцыі (112 дакладаў, у тым ліку 31 даклад замежных удзельнікаў), яе праблематыка несумненна выклікала вялікую цікавасць беларускіх і замежных навукоўцаў. Праграму пленарнага пасяджэння склалі 7 дакладаў. Яны вызначаліся актуальнасцю, канцэптуальным падыходам да абмеркавання тэмы, былі выслуханы з вялікай цікавасцю і выклікалі навуковую дыскусію.

Прадметам абмеркавання на 8 секцыях стала шырокае кола праблем. У тым ліку – пытанні тэорыі і практыкі супастаўляльнага даследавання славянскіх моў; дынаміка і тыпалогія змен у развіцці славянскіх моў і дыялектаў; адлюстраванне сучасных сацыякультурных працэсаў у славянскіх мовах; славянская анамастыка; актуальныя праблемы тэксту і кантэксту; новыя тэндэнцыі ў сучаснай лінгвадыдактыцы.

Сёлета ўпершыню канферэнцыя праходзіла ў анлайн-рэжыме. Такая форма дазволіла значна пашырыць геаграфію навуковага мерапрыемства. Яго праблемнае поле зацікавіла вучоных з 8 краін: Беларусі (сярод удзельнікаў прадстаўнікі ўніверсітэтаў Мінска, Брэста, Віцебска, Гродна, а таксама Інстытута мовазнаўства Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), Расіі (установы вышэйшай адукацыі Саратава, Смаленска, Бранска, Уфы), Украіны (універсітэты Кіева і Сум), Польшчы (вышэйшыя навучальныя ўстановы Гданьска і Познані), Славакіі (універсітэты Браціславы і Прэшова), Балгарыі (універсітэты Сафіі і Шумена), Узбекістана (універсітэт Ташкента), Кыргызстана (Інстытут рускай мовы Кыргызска-Расійскага Славянскага ўніверсітэта г. Бішкека).

На заключным пасяджэнні ўдзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю прадоўжыць практыку правядзення Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Славянскія мовы: сістэмна-апісальны і сацыякультурны аспекты даследавання” ў наступныя гады.

В.Б. Пераход, загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: