«Hostel+» або засяленне іншагародніх студэнтаў у інтэрнаты «па-ўніверсітэцкі»

27 жніўня 2015 года адбылося пасяджэнне прафсаюзнага камітэта студэнтаў БрДУ імя А.С. Пушкіна. Самым галоўным пытаннем парадку дня стала пытанне пра пасяленне студэнтаў у інтэрнаты ўніверсітэта на 2015–2016 навучальны год. Ідэя стварэння сэрвіснага атрада «hostel+», які б займаўся арганізаваным засяленнем іншагародніх навучэнцаў (студэнтаў і магістрантаў) у інтэрнаты студэнцкага гарадка ўніверсітэта, нарадзілася на адным з навучальных семінараў, арганізаваным аддзелам выхаваўчай працы з моладдзю.

Мэта створанага загадам рэктара ўніверсітэта па ініцыятыве прафкама студэнтаў сэрвіснага атрада зводзілася да забеспячэння арганізаванага і своечасовага працэсу засялення іншагародніх навучэнцаў у інтэрнаты нашага ўніверсітэта на 2015–2016 навучальны год.

У гэтым годзе арганізаваным засяленнем у інтэрнаты займаўся сэрвісны атрад з 17 студэнтаў пад назвай «hostel+». У атрад увайшлі прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта, а таксама старшыні прафсаюзных бюро і жыллёва-бытавой камісіі, якія не толькі аператыўна і хутка фіксавалі дагаворы ў базу дадзеных (новаўвядзенне 2015 года), але і праводзілі кансультаванне іншагародніх студэнтаў па працэдуры засялення ў адпаведнасці з лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі.

Для ўсіх членаў сэрвіснага атрада былі ўведзены «апазнавальныя знакі»: бэйджыкі і белыя майкі з эмблемай «hostel+». Таксама кожны старшыня прафбюро студэнтаў атрымаў «папку старшыні» з узорамі спісаў, журналамі, канцтаварамі і ўсім неабходным для паляпшэння якасці афармлення дакументацыі.

Студэнты з «hostel+» зарадзіліся добрым настроем на ўсе дні працы атрада і атрымалі пазітыўны вопыт.

Прафсаюзны камітэт студэнтаў дзякуе рэктарату ўніверсітэта, аддзелу выхаваўчай працы з моладдзю, студэнцкаму гарадку і цэнтру інфармацыйных тэхналогій за дапамогу і садзейнічанне ў арганізацыі ўсіх этапаў засялення іншагародніх навучэнцаў у інтэрнаты ўніверсітэта.

Р.В. Чуль,
старшыня прафкама студэнтаў

Падзяліцца: