«ISTFAK-MAN–2018»: у БрДУ выбралі містара гістарычнага факультэта

27 лютага на гістарычным факультэце нашага ўніверсітэта пад эгідай Брэсцкага ГК «БРСМ» УА «БрДУ імя А.С. Пушкіна» адбыўся конкурс «ISTFAK-MAN–2018». За званне містара факультэта, а таксама за перамогу ў пяці дадатковых намінацыях змагаліся шэсць лепшых прадстаўнікоў факультэта.

Падчас першага этапу – конкурс «Візітоўка ўдзельніка» – студэнты знаёмілі аўдыторыю з сабой: расказвалі пра свае захапленні, здольнасці, вучобу. Выступленне Ільі Юзвука адразу стала заяўкай на перамогу. Відэаролік, у якім сябры і знаёмыя Ільі раскрылі сакрэты, які ж ён у жыцці на самай справе, атрымаўся арыгінальны і аб’ектыўны.

На гістарычным факультэце ўпэўнены, што сапраўдны містар павінен быць вынослівым, таму без этапу «Асілак» абысціся было нельга. Усе канкурсанты годна справіліся з такім практыкаваннем, як адцісканне.

У трэцім туры конкурсу студэнты павінны былі паказаць свае інтэлектуальныя здольнасці. Удзельнікам былі адрасаваны пытанні аб самым высокім пункце Беларусі, самым буйным неабласным горадзе краіны, аўтарах слоў і музыкі гімна і інш.

Чацвёрты этап «Рыцарскі батл» стаў самым цікавым і непрадказальным – хлопцы прызнаваліся ў каханні дамам. Удзельнікі чыталі аўтарскія вершы, спявалі песні пад гітару, дарылі кветкі і цалавалі рукі жанчынам.

Пакуль журы, у склад якога ўваходзілі работнікі і прафорг факультэта, падлічвалі балы, гледачам была паказана канцэртная праграма. Затым раскрылася інтрыга: містарам гістарычнага факультэта стаў Ілья Пятручык. Астатнія ўдзельнікі сталі пераможцамі ў розных намінацыях:

  • «Містар арт» – Валянцін Кузюрын;
  • «Містар стыль» – Яўген Рупека;
  • «Містар рамантык» – Яўген Гарасюк;
  • «Містар біцэпс» – Ілья Парашко;
  • «Містар крэатыў» – Ілья Юзвук.

Усім хлопцам былі ўручаны падарункі ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: