ІV Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар «Актуальныя пытанні дапамогі асобе ў крызісных станах»

20–21 сакавіка 2019 года на базе псіхолага-педагагічнага факультэта ўстановы адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна» адбыўся ІV Рэспубліканскі навукова-метадычны семінар з міжнародным удзелам «Актуальныя пытанні дапамогі асобе ў крызісных станах». Семінар быў прысвечаны абмеркаванню сучасных праблем і перспектыўных напрамкаў навукова-даследчай, навукова-метадычнай і практычнай дзейнасці ў галіне крызіснай (экстрэмальнай) псіхалогіі. У яго рабоце прынялі ўдзел псіхолагі Міністэрства надзвычайных сітуацый, Міністэрства абароны, Міністэрства Унутраных спраў, прадстаўнікі вышэйшых навучальных устаноў і навуковых устаноў Рэспублікі Беларусь, замежныя спецыялісты ў галіне экстрэмальнай і крызіснай псіхалогіі з Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Польшча.

Тэматыка выступленняў на пленарным пасяджэнні ўяўляла сабой аналіз разнастайных крызісных станаў, якія ўзнікаюць у розных сферах жыццядзейнасці чалавека – як прафесійнай, так і асабістай.

  1. «Праца псіхолага органаў памежнай службы з крызіснымі асобамі» – дакладчык Ермакоў Аляксандр Фёдаравіч, галоўны ваенны псіхолаг 3-га аддзела ўпраўлення ідэалагічнай працы Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь (г. Мінск);
  2. «Экстрэмальная дапамога ў крызісных і надзвычайных сітуацыях: аспекты працы, прафесійная падрыхтоўка, ацэнка навыкаў, паслякатастрофная падтрымка» – дакладчык Міхальчук Алег Лявонцьевіч, нам. кіраўніка ўпраўлення па ІРіКЗ, палкоўнік унутранай службы (г. Брэст);
  3. «Да пытання аб маральнай надзейнасці афіцэраў» – дакладчык Марышчук Людміла Уладзіміраўна, прафесар кафедры псіхалогіі і канфлікталогіі філіяла РДСУ, доктар псіхалагічных навук (г. Мінск);
  4. «Псіхалагічная падрыхтоўка воінаў-дэсантнікаў» – дакладчык Сухавіла Сяргей Міхайлавіч, намеснік камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, гвардыі палкоўнік (г. Брэст);
  5. «Псіхалагічнае суправаджэнне прафесійных крызісаў суб’екта працы» – дакладчык Папова Аксана Сяргееўна, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай працы УА РІПА, доктар псіхалагічных навук, прафесар (г. Мінск);
  6. «Кансультатыўная дапамога ў крызісных сітуацыях» – дакладчык Шыманскі Сяргей Аляксандравіч, урач-псіхатэрапеўт, трэнер-супервізар БАП (г. Брэст);
  7. «Псіхалагічны партрэт жанчын, якія перажылі хатні гвалт» – дакладчык Сінюк Дзіяна Эдвардаўна, дацэнт кафедры псіхалогіі развіцця сацыяльна-педагагічнага факультэта, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт (г. Брэст);
  8. «Копінг-стратэгіі ў сістэме міжасобаснага ўзаемадзеяння супрацоўнікаў арганізацыі» – дакладчык Маскалюк Вікторыя Юр’еўна, загадчык кафедры псіхалогіі развіцця, кандыдат псіхалагічны навук, дацэнт (г. Брэст);
  9. «Маральна-арыентаваная хрысціянская псіхалогія ў працы з крызіснымі станамі» – дакладчык Віталь Ханавец, настаяцель Гарнізоннага храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Брэсцкай крэпасці, старшыня аддзела Брэсцкай епархіі па ўзаемадзеянні з узброеныя сіламі і ўсімі воінскімі фарміраваннямі, протаіерэй (г. Брэст);
  10. «Напрамкі развіцця псіхалагічных службаў у галіне экстрэмальнай і крызіснай псіхалогіі» – дакладчык Кулікоў Глеб Ягоравіч, доктар, псіхолаг, дырэктар трэнінгавага цэнтра «Сталкер», НЛП-трэнер, гіпнатэрапеўт (г. Віцебск);
  11. «Калумбайн-эфект: індыкатары маладых людзей групы рызыкі» – дакладчык Мядзведская Алена Іванаўна, дацэнт кафедры псіхалогіі псіхолага-педагагічнага факультэта, кандыдат псіхалагічных навук, дацэнт (г. Брэст).

У рамках абмену вопытам па праблемах псіхалагічнай падрыхтоўкі розных катэгорый спецыялістаў да прафесійнай дзейнасці ў экстрэмальных і надзвычайных сітуацыях прайшлі прэзентацыі і дыскусіі. Сваім вопытам падзяліліся вядучыя навукоўцы, практычныя псіхолагі, супрацоўнікі псіхалагічных падраздзяленняў і катэгорыі вайскоўцаў, якія працуюць у сістэме маральна-псіхалагічнага забеспячэння аператыўна-службовай дзейнасці асабістага складу сілавых структур Рэспублікі Беларусь. Было арганізавана 9 майстар-класаў, па выніках праходжання якіх каля 100 чалавек атрымалі сертыфікаты аб навучанні па адпаведных напрамках:

  1. «Псіхатэрапія негатыўных перажыванняў з дапамогай метаду псіхафізіялагічнай самарэгуляцыі "Ключ" (па сістэме Хасая Аліева)» – вядучы Лунеў Ігар Аляксандравіч, падпалкоўнік юстыцыі, галоўны спецыяліст групы псіхалагічнай рэабілітацыі і псіхафізіялагічных даследаванняў УСК Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, г. Мінск;
  2. «Вербальныя і невербальныя прыкметы ў аналізе дакладнасці інфармацыі» – вядучая Чумакова Вольга Вячаславаўна, вядучы спецыяліст упраўлення кадраў і ідэалагічнай працы УСК па Брэсцкай вобласці, г. Брэст;
  3. «Посттраўматычнае стрэсавае расстройства: анатомія шокавай траўмы» – вядучы Шыманскі Сяргей Аляксандравіч, урач-псіхатэрапеўт, трэнер-супервізар БАП, г. Брэст;
  4. «Дыягнастычныя і псіхакарэкцыйныя магчымасці арт-тэрапіі ў працы з крызіснымі станамі асобы» – вядучы Косцікаў Ягор Аляксандравіч, арт-тэрапеўт ПУП «Псіхатэрапеўтычны Цэнтр Сяргея Шыманскага», г. Брэст;
  5. «Псіхатэрапеўтычная дапамога пры горы і страце. Суправаджэнне паміраючых, праца са сваякамі дзяцей і дарослых, якія знаходзяцца ў тэрмінальным стане» – вядучая Кірычык Вольга Ігараўна, гештальт-тэрапеўт, псіхолаг, г. Брэст;
  6. «Комплекснае псіхалагічнае суправаджэнне людзей з суіцыдальнымі паводзінамі метадамі НЛП і гіпнатэрапіі» – вядучы Кулікоў Глеб Ягоравіч, доктар, псіхолаг, дырэктар трэнінгавага цэнтра «Сталкер», НЛП-трэнер, гіпнатэрапеўт, г. Віцебск;
  7. Практыкум «Праца экстрэмальнага псіхолага на паліграфе» – вядучы Захарчанка Андрэй Валер’евіч, ІП псіхолаг-поліграфолаг, г. Брэст;
  8. «Псіхалагічная праца з трывожнымі станамі асобы: дыягностыка, кансультаванне» – вядучая Рыбачук Вольга Георгіеўна, псіхолаг вышэйшай катэгорыі, г. Брэст;
  9. «Кіраванне паводзінамі і дзейнасцю людзей – ахвяраў экстрэмальных сітуацый» – вядучы Ходар Андрэй Георгіевіч, трэнер па практычнай стральбе, рукапашным баі і тактыцы бою, г. Брэст.

Напрыканцы семінара быў праведзены круглы стол на тэму «Напрамкі развіцця псіхалагічных службаў у галіне экстрэмальнай і крызіснай псіхалогіі», на якім у адкрытай і творчай абстаноўцы былі абагульнены тэарэтычныя, практычныя і інавацыйныя падыходы ў галіне крызіснай псіхалогіі і абмеркаваны далейшыя перспектывы супрацоўніцтва.

Удзельнікі семінара адзначылі, што паспяховае вырашэнне пытанняў псіхалагічнай дапамогі асобы, якая трапіла ў крызісную жыццёвую сітуацыю (хранічнае захворванне, смерць блізкага, гвалт і інш.) і якая перажыла экстрэмальныя падзеі (лакальны ваенны канфлікт, прыродныя катастрофы, экстрэмальная прафесійная дзейнасць і інш.), становяцца асновай захавання псіхічнага здароўя насельніцтва ў цэлым, а значыць, маюць прамыя адносіны да забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

Штогод павялічваецца колькасць удзельнікаў семінара і пашыраецца яго праблемнае поле. Госці ўніверсітэта падкрэсліваюць, што названы семінар стаў стабільнай і адзінай у краіне пляцоўкай, на якой спецыялісты сілавых ведамстваў краіны могуць як павысіць узровень сваёй навукова-тэарэтычнай падрыхтоўкі, так і набыць новыя практычныя кампетэнцыі.

Кафедра псіхалогіі

Падзяліцца: