Канстытуцыя – Асноўны Закон дзяржавы

Сустрэча-дыялог першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максіма Рыжанкова і старшыні праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства «Веды»” Вадзіма Гігіна са студэнтамі БрДУ імя А.С. Пушкіна па абмеркаванні праекта зменаў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылася 12 студзеня ў канферэнц-зале ўніверсітэта.

Максім Уладзіміравіч і Вадзім Францавіч адзначылі, што Канстытуцыя – Асноўны Закон дзяржавы, таму шырокае абмеркаванне праекта змен і дапаўненняў асабліва важнае.

Максім Рыжанкоў і Вадзім Гігін падрабязна расказалі пра ідэалагічныя, палітычныя і сацыяльныя змены і дапаўненні, якія прапануецца ўнесці ў Асноўны Закон краіны. Упершыню ў праекце Канстытуцыі з’явіўся артыкул пра захаванне і абарону гістарычнай памяці. Праект пацвярджае двухмоўе і прыярытэт сямейных каштоўнасцей. Ён закладвае нормы, якія не дазваляюць маніпуляваць палітычнай сістэмай з-за мяжы, уводзіць Усебеларускі народны сход як найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, а таксама рэгулюе дзейнасць органаў улады ў выпадку надзвычайных абставін, садзейнічае палітычнаму, духоўнаму і культурнаму развіццю моладзі, пашырае правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Студэнты задалі гасцям пытанні аб праве на ахову здароўя, пра ролю моладзі ва ўмацаванні Беларусі, пра сацыяльную адказнасць маладых людзей, падтрымку інстытута шлюбу і сям’і і інш.

Пасля сустрэчы-дыялогу Максім Рыжанкоў і Вадзім Гігін наведалі Інстытут Канфуцыя ў БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Юлія Воўк

Падзяліцца: