Конкурс «Грамацей–2018»

26 верасня адбыўся ўніверсітэцкі конкурс «Грамацей–2018», які ўжо ў дзявяты раз арганізуе кафедра агульнага і рускага мовазнаўства філалагічнага факультэта. Удзельнікамі конкурсу сталі студэнты чатырох факультэтаў універсітэта – філалагічнага, гістарычнага, псіхолага-педагагічнага і факультэта замежных моў, а таксама навучэнцы шасці гімназій, двух ліцэяў і дзвюх сярэдніх школ горада Брэста. У гэтым годзе пераканацца ў ступені пісьменнасці сваёй мовы вырашылі 74 студэнты і вучні.

«Грамацей–2018» пачаўся з вітальнага слова ўдзельнікам загадчыка кафедры агульнага і рускага мовазнаўства В. Б. Пераход. Затым студэнткі 3 курса філалагічнага факультэта Бойчык Вольга і Ладуцька Яна выступілі з паведамленнем пра вядомага рускага лінгвіста Д. М. Ушакова, са дня нараджэння якога ў 2018 годзе споўнілася 145 гадоў. З цікавасцю паслухалі ўдзельнікі конкурсу і паведамленне студэнта 3 курса Несцерука Андрэя аб найноўшых арфаграфічных слоўніках, наяўных ва ўніверсітэце.

Конкурсная праграма складалася з двух этапаў – дыктоўкі і карэктурнага задання. Паколькі 2018 год аб’яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы, дыктоўка па тэксце апавядання вядомага рускага пісьменніка Яўгена Іванавіча Носава была прысвечана тэме малой радзімы, яе значэнню ў жыцці кожнага чалавека. Карэктурнае заданне па тэксце артыкула пісьменніка, літаратуразнаўца і журналіста Карнея Іванавіча Чукоўскага, прысвечанага праблемам захавання чысціні рускай мовы і павышэння культуры мовы, мела на мэце выпраўленне ў тэксце арфаграфічных і пунктуацыйных памылак.

У выніку сярод студэнтаў спецыяльных моўных факультэтаў 1-е месца ўжо другі раз у гісторыі конкурсу заняў Шпарло Уладзіслаў (3 курс, спецыяльнасць «Журналістыка»), 2-е месца заняла Місько Ганна (2 курс, спецыяльнасць «Беларуская філалогія»), 3-е месца падзялілі студэнткі Ярмашэвіч Анастасія (1 курс, спецыяльнасць «Руская філалогія»), Вецік Яніна (2 курс, спецыяльнасць «Беларуская філалогія») і Яцкевіч Таццяна (4 курс, спецыяльнасць «Руская філалогія»).

Сярод студэнтаў неспецыяльных факультэтаў прызавыя месцы занялі студэнты гістарычнага факультэта: 1-е месца ў Карунца Дзмітрыя (1 курс), 2-е месца – у Курадовец Анастасіі (3 курс), 3-е месца заняла Алена Німічук (3 курс).

Сярод школьнікаў лідарам стала Зеляняк Вікторыя (11 клас, ДУА «Брэсцкі абласны ліцэй імя П. М. Машэрава»), 2-е месца падзялілі вучні ДУА «Гімназія № 2 г. Брэста» Вайцюк Паліна і Дзягель Лізавета, 3-е месца ў Дрык Дар’і (11 клас, ДУА «Брэсцкі абласны ліцэй імя П. М. Машэрава») і Майсейчык Ганны (11 клас, ДУА «Сярэдняя школа № 30 г. Брэста імя Д. Б. Гвішыяні»).

З кожным годам у конкурсе прымае ўдзел усё больш і больш студэнтаў і школьнікаў: так, калі ўдзельнікамі «Грамацей–2017» былі 56 чалавек, то у 2018 годзе паспрабаваць свае сілы ў конкурсным спаборніцтве вырашыла на 18 чалавек больш. Усё гэта сведчыць аб тым, што конкурс па-ранейшаму выклікае цікавасць і, вядома ж, абавязкова адбудзецца ў наступным годзе.

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: