«Крокі ў лігвістыку»: вынікі завочнай алімпіяды па рускай мове

19 мая 2017 года, у рамках міжфакультэцкіх Дзён славянскай пісьменнасці, што традыцыйна праводзяцца кафедрай агульнага і рускага мовазнаўства, адбылося ўганараванне пераможцаў завочнай алімпіяды па рускай мове «Крокі ў лінгвістыку» (на мерапрыемства былі запрошаны толькі вучні 10-11 класаў). Рабятам на пленарным пасяджэнні Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Слова ў мове, маўленні, тэксце» ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны дыпломы. Акрамя гэтага, для пераможцаў былі арганізаваны экскурсіі па філалагічным факультэце і Зімовым садзе, а таксама сустрэча з прафарыентацыйнай студэнцкай групай і прадстаўнікамі кафедры агульнага і рускага мовазнаўства.

Завочная алімпіяда для вучняў накіравана на павышэнне іх матывацыі да выбару філалагічных прафесій, у прыватнасці – прафесіі выкладчыка, настаўніка рускай мовы і літаратуры. Гэты даволі маштабны праект быў рэалізаваны на кафедры агульнага і рускага мовазнаўства разам з іншымі формамі прафарыентацыйнай працы: сустрэчамі са школьнікамі г. Брэста і вобласці на базе школ і філалагічнага факультэта; выступленнямі студэнтаў перад школьнікамі, у тым ліку падчас педагагічных практык; удзелам прадстаўнікоў ліцэяў, гімназій, школ у конкурсах «Грамацей», «Майстар слова» і іншых студэнцкіх мерапрыемствах; дзейнасцю філіяла кафедры ў гімназіі № 4 г. Брэста; працай выкладчыкаў рускай мовы ў рэсурсным цэнтры, на трэніровачных зборах па падрыхтоўцы зборнай вобласці да рэспубліканскага тура прадметнай алімпіяды і інш.

Прыемна адзначыць, што ў алімпіядзе – а яна прайшла ўпершыню – удзельнічалі 582 вучні 7-11 класаў з розных гарадоў і раёнаў Брэсцкай вобласці. Журы выканала вялікую і карпатлівую працу па праверцы адказаў і вызначэнні пераможцаў завочнай алімпіяды. Аргкамітэтам было атрымана шмат добрых работ, грунтоўных адказаў, часта разрыў у балах паміж працамі быў мінімальны. (Больш падрабязную інфармацыю пра пераможцаў завочнай алімпіяды гл.: http://www.brsu.by/div/kafedra-obshchego-i-russkogo-yazykoznaniya.)

Асаблівую ўдзячнасць кафедра выказвае сваім калегам – школьным настаўнікам рускай мовы і літаратуры, усім тым, хто вядзе сваіх вучняў у займальную краіну лінгвістыкі. Асобная падзяка – настаўнікам сельскіх школ. Ім было значна цяжэй адбіраць удзельнікаў алімпіяды, паколькі многія школы малакамплектныя. Але, нягледзячы на гэта, у алімпіядзе прынялі ўдзел 308 школьнікаў сельскіх школ з 13 раёнаў Брэсцкай вобласці.

Завочная форма алімпіяды дала магчымасць яе ўдзельнікам не толькі праверыць свае веды, але і звярнуцца да розных крыніц для пошуку інфармацыі. Рабят кансультавалі настаўнікі рускай мовы і літаратуры, вучні шукалі адказы ў падручніках, даведніках, слоўніках, навуковай літаратуры па лінгвістыцы, у інтэрнэце. Арганізатары завочнай алімпіяды спадзяюцца, што яе асноўная мэта – папулярызацыя філалагічнай адукацыі; развіццё цікавасці школьнікаў да мовы, яе гісторыі, пашырэнне лінгвістычнага і культуралагічнага кругагляду навучэнцаў, паглыбленне ведаў у розных галінах рускай мовы – дасягнута.

Можна быць упэўненымі, што крокі ў лінгвістыку для ўсіх удзельнікаў алімпіяды былі цікавымі і карыснымі. А для кагосьці з рабят яны, магчыма, стануць і крокамі ў прафесію...

Кафедра агульнага і рускага мовазнаўства

Падзяліцца: