Круглы стол з удзелам намесніка пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандра Тачко

23 сакавіка прайшоў круглы стол “Хатынь. Забыццю не падлягае” з удзелам намесніка пракурора Брэсцкай вобласці, старшага саветніка юстыцыі Аляксандра Тачко.

Аляксандр Ціханавіч адзначыў, што мемарыяльны комплекс “Хатынь” увасабляе ў сабе памяць не толькі пра адну спаленую вёску, але і пра тысячы населеных пунктаў, якія падзялілі яе лёс.

Таксама Аляксандр Тачко пазнаёміў прысутных з ходам расследавання крымінальнай справы пра факты генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Цяпер працягваецца актыўная праца з архіўнымі дакументамі, апытваюцца сведкі падзей, каб высветліць усе абставіны трагедый, удакладніць месцы пахаванняў.

У рамках круглага стала кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Таццяна Саўчук расказала пра мемарыялізацыю падзей Вялікай Айчыннай вайны і намаганні выявіць астанкi загінулых. Жывых сведкаў генацыду беларускага народа сярэдзіны ХХ ст. застаецца ўсё менш, таму мемарыяльныя комплексы і помнікі павінны стаць маўклівым крыкам у абарону міру.

Пра гісторыю і сучасны стан мемарыяльнага комплексу “Хатынь” падрабязна расказаў студэнт гістарычнага факультэта Ілья Сокал.

Студэнты задалі выступоўцам шэраг пытанняў. У канцы круглага стала Аляксандр Тачко даў моладзі наказ не забываць гісторыю, аналізаваць інфармацыю, атрыманую са СМІ і сацыяльных сетак, заклікаў быць патрыётам сваёй краіны.

Увекавечанню памяці ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны былі прысвечаны таксама іншыя мерапрыемствы. Так, на базе ўніверсітэта і інтэрнатаў пры ўдзеле факультэтаў і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў прайшлі віртуальныя экскурсіі “Трагічны лёс Хатыні” і “Дарогамі Хатыні”, кінагрупы “Хатынь. Вайна без правілаў” і “Вазьму твой боль”. Праведзена таксама праца па рэалізацыі праекта “Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”. Ва ўніверсітэце і інтэрнатах арганізаваны тэматычныя кніжныя выставы.

Падзяліцца: