Культура беларуска-польскага памежжа без межаў

24-25 лютага ў г. Вішніца (Рэспубліка Польшча) у рамках Еўрапроекта «Gdzie bije zrodlo ... Kultura muzyczna pogranicza Polski i Bialorusi» (гл. навіны ўніверсітэта ад 05.01.2015) адбыўся III Міжнародны навуковы семінар «Музычная культура польска-беларускага памежжа: лінгвакультуралагічны і філасофска-літаратуразнаўчы аспекты», у якім прыняла ўдзел дэлегацыя з 10 чалавек, у тым ліку 8 ​​чалавек ад Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

У праграму семінара былі ўключаны і абмеркаваны навукоўцамі Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай і нашага ўніверсітэта пры ўдзеле выкладчыкаў Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта (Заіка З.М., Самуйлік Я.Р.) пытанні музычнага сінтаксісу, філасофска-літаратуразнаўчага, лінгвакультуралагічнага, жанрава-стылявога і педагагічнага аспектаў песеннай творчасці Брэсцка-Падляшскага Памежжа.

Аб адлюстраванні філасофіі жыцця ў беларускай традыцыйнай песеннай культуры на Памежжы (на прыкладзе Маларыцкага полікультурнага рэгіёна) расказала кіраўнік праекта ад беларускага боку прафесар М.П. Жыгалава.

Функцыянальна-зместавыя і жанрава-стылявыя асаблівасці, спецыфіка і музычны сінтаксіс сямейна-абрадавага фальклору Брэстчыны былі раскрыты загадчыкам кафедры агульнага і рускага мовазнаўства дацэнтам В.Б. Пераход («Ацэначная лексіка ў песеннай народнай паэзіі (на прыкладзе Камянецкага раёна)», дацэнтам Л.А. Захарчук («Сямейна-абрадавыя песні Брэстчыны: агульная характарыстыка і музычны сінтаксіс»), прафесарам І.А. Швед («Песенны код вясельнага абраду “пасад” (на матэрыяле Берасцейшчыны)», дацэнтам Заікай З.М. («Семантыка-стылістычная адметнасць народных песень у каляндарным абрадзе (на прыкладзе вёскі Навіцкавічы Камянецкага раёна)» і старшым выкладчыкам Самуйлікам Я.Р. («Дыялектны ландшафт Выганаўскага Палесся»). Аб выкарыстанні фальклору ў народнай педагогіцы расказала ў сваім выступленні дацэнт М.С. Кавалевіч («Метады і сродкі народнага выхавання ў песеннай творчасці Берасцейшчыны»).

Актыўная дыскусія, якая вялася навукоўцамі па ўсіх пытаннях, была завершана выступленнем двух калектываў выканаўцаў: польскага народнага ансамбля і трыа выкладчыкаў нашага ўніверсітэта. Яркі нацыянальны каларыт у праграму ўнесла высокапрафесійнае творчае музычнае выступленне старшых выкладчыкаў кафедры тэорыі і методыкі эстэтычнай адукацыі А.П. Грыняка, Р.А. Палухіна, старшага выкладчыка кафедры хіміі В.В. Каваленкі, якія выканалі народныя песні на беларускай, польскай, украінскай мовах і дыялекце Брэстчыны.

Завяршальным акордам другога дня працы была незабыўная экскурсія ў Раманава, дзе знаходзіцца музей Ю.І. Крашэўскага.

Міжнародны семінар адкрыў навукоўцам новыя гарызонты для далейшых сумесных даследаванняў мовы, літаратуры і культуры Брэсцка-Падляшскага Памежжа.

Удзельнікі міжнароднага семінара

Падзяліцца: