Квітней, мой Туркменістан!

Жыццё ўніверсітэта напоўнена яркімі і значнымі падзеямі не толькі для беларускіх студэнтаў, але і для замежных навучэнцаў. Так, у кастрычніцкія дні, адзначаныя Днём універсітэта, туркменскія студэнты святкуюць Дзень Незалежнасці сваёй краіны. Гэта адзін з найважнейшых, нароўні з Днём нейтралітэту, па значнасці дзяржаўных святаў туркменскага народа.

У гэтым годзе Туркменістан адзначыў 25-годдзе Незалежнасці. Пройдзены шлях быў пазначаны стваральнай працай народа Туркменістана ва ўсіх сферах нацыянальнага адраджэння. Незалежнасць адкрыла велізарныя магчымасці і для туркменскай моладзі, у прыватнасці, свабодна атрымліваць адукацыю.

Удзельнікі клуба «Дыялог культур» арганізавалі цудоўны вечар туркменскай культуры «Квітней, мой Туркменістан!», які аб’яднаў як туркменскіх, так і беларускіх студэнтаў усіх факультэтаў. У праграме вечара былі надзвычай цікавыя прэзентацыі: «Туркменістан на міжнароднай арэне» (аўтар: Бабаеў Фахрыддзін), «20 гадоў нейтралітэту Туркменістана»(аўтар: Куліева Мерджэн), «Асаблівасці нацыянальнай культуры Туркменіі» (аўтар: Атамурадава Сабіна). І, вядома, творчыя выступленні студэнтаў «Мы жадаем шчасця Вам!», у якіх гучалі туркменскія, узбекскія, беларускія, украінскія, рускія мелодыі. На якой бы мове ні праходзіла выступленне, усім было зразумела, што мір, незалежнасць даюць магчымасць ствараць, будаваць будучыню.

Велізарную падтрымку клубу ў падрыхтоўцы і арганізацыі вечара аказалі прафкам студэнтаў універсітэта ў асобе Рамана Валянцінавіча, выхавальнікі студэнцкага гарадка С.К. Страпко і Г.С. Карабчук. Гасцямі свята былі начальнік аддзела міжнародных сувязяў універсітэта І.В. Прыймак, навучэнцы гандлёва-эканамічнага каледжа, магістранты. Па славянскай і ўсходняй традыцыі (па традыцыі гасціннасці беларускага і туркменскага народа) удзельнікі святочнага вечара атрымалі пачастункі ад прафкама студэнтаў універсітэта і старастата замежных студэнтаў.

Завяршаючы свята, студэнты адзначылі, што вельмі важна ва ўмовах полікультурнага асяроддзя ведаць гістарычныя этапы развіцця таго народа, прадстаўнікі якога навучаюцца ва ўніверсітэце, бачыць культуру гэтых народаў, вучыцца разумець і прымаць яе. Падобныя святы спрыяюць інтэграцыі культур, фарміраванню міжкультурнай талерантнасці ў студэнцкай моладзі.

З. Ляўчук, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: