Магутнае слова, ты, роднае слова!

17 лютага 2017 года адбыўся адкрыты ўніверсітэцкі конкурс чытальнікаў «Таямніцы слова і думкі» – свята Паэзіі, прысвечанае 135-гадоваму юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Удзельнікамі конкурсу сталі не толькі студэнты нашага ўніверсітэта, але і вучні брэсцкіх школ і гімназій. Самыя юныя чытальнікі – Марыя Таркіна і Дзмітрый Прылепа (ДУА «Сярэдняя школа № 31 г. Брэста»), самыя вопытныя – студэнты 5-га курса сацыяльна-педагагічнага факультэта.

Рабяты чыталі свае любімыя творы на славянскіх мовах. Гучалі радкі Якуба Коласа, Янкі Купалы, Сяргея Ясеніна, Тараса Шаўчэнкі, Яўгеніі Янішчыц, Уладзіміра Высоцкага, Аляксандра Пушкіна, Роберта Раждзественскага і інш.

Можна сказаць адно: хваляванне, якое выяўлялася ў пачатку практычна кожнага выступлення, знікала праз некалькі хвілін. Аднак былі і тыя, хто ні секунды не сумняваўся ў сваіх сілах. Сярод іх – уладальнік дыплома I ступені Дзяніс Склізкоў (1 курс гістарычнага факультэта), Аляксандр Багдановіч (1 курс філалагічнага факультэта) і Міхаіл Дзябенка (5 курс сацыяльна-педагагічнага факультэта), якія атрымалі дыпломы III ступені, а таксама Лаўрэат конкурсу Андрэй Алемкін (7 клас ДУА «Сярэдняя школа №  20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М. Карбышава г. Брэста»). Акрамя названых, у выканальніцкім аддзяленні дыпломам II ступені былі ўзнагароджаны Баранаў Дзмітрый (1 курс гістарычнага факультэта) і Пархач Ксенія (1 курс псіхолага-педагагічнага факультэта), а дыпломам III ступені – Аліеў Раман (3 курс факультэта фізічнага выхавання).

У выканальніцкім аддзяленні сярод вучняў дыплом I ступені атрымаў Семянюк Аляксей (11 клас ДУА «Сярэдняя школа № 30 імя Д.Б. Гвішыяні г. Брэста»), дыплом II ступені – Сцепаненка Валерыя (9 клас ДУА «Сярэдняя школа № 31 г. Брэста»), Таркіна Марыя і Дзмітрый Прылепа (4 і 5 класы ДУА «Сярэдняя школа № 31 г. Брэста»); дыплом III ступені – Саўчук Вольга (10 клас ДУА «Сярэдняя школа № 10 г. Брэста»), Сурмач Вераніка (10 клас ДУА «Гімназія № 3 г. Брэста») і Моніна Вера (10 клас ДУА «Абласны ліцэй імя П.М. Машэрава»).

Аўтарскія творы прадставілі 5 удзельнікаў. Прызавыя месцы ў гэтым аддзяленні размеркаваліся наступным чынам: дыплом I ступені – у Стаськевіча Сяргея (10 клас ДУА «Абласны ліцэй імя П.М. Машэрава»), дыплом II ступені атрымала Кадзіра Таццяна (1 курс сацыяльна-педагагічнага факультэта), дыплом III ступені – Кавалевіч Ірына (1 курс сацыяльна-педагагічнага факультэта).

Трое канкурсантаў былі адзначаны ў намінацыях: «За шчырасць пачуццяў» – Піскур Дзіяна (10 клас ДУА «Гімназія № 5 г. Брэста»), «За шчырае адчуванне роднага слова» – Асадава Валіда (11 клас ДУА «Сярэдняя школа № 10 г. Брэста), «За ўдалы сцэнічны вобраз» – Бузан Вера (2 курс фізіка-матэматычнага факультэта).

Не толькі журы, але і гледачы мелі права галасаваць за ўпадабанага ім канкурсанта. Уладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стала Пархач Ксенія (1 курс псіхолага-педагагічнага факультэта).

Адзначым таксама майстэрства вядучых конкурсу – студэнтаў філалагічнага факультэта Віркоўскага Данііла і Нікіцінай Кацярыны.

Свята Паэзіі, прымеркаванае да юбілейных імпрэз, якія пройдуць у 2017 годзе па ўсёй нашай краіне і за яе межамі, завяршылася калектыўным фота.

Емяльянава Анастасія
(філалагічны факультэт)

Падзяліцца: