Майстар-клас па кветкаводстве «Сакрэты догляду за архідэямі»

26 сакавіка ў экспазіцыі «Зімовы сад» быў праведзены майстар-клас, прысвечаны догляду за вельмі папулярнымі ў апошні час пакаёвымі раслінамі сямейства Архідныя.

Мерапрыемства пачалося з тэарэтычнай часткі, у якой вопытныя спецыялісты падчас прэзентацыі прадставілі займальны матэрыял пра гісторыю з’яўлення архідэй на еўраазіяцкім мацерыку. Аказваецца, што архідэі з’явіліся на Зямлі 130 мільёнаў гадоў таму. А першая трапічная архідэя трапіла ў Еўропу толькі ў 1731 годзе.

На працягу ўсяго майстар-класа дэманстраваліся жывыя экспанаты калекцыі Зімовага саду. Слухачы пазнаёміліся з відавой разнастайнасцю і карыснымі ўласцівасцямі гэтых незвычайных раслін.

Лабарант экспазіцыі Данілюк Наталля Сяргееўна падзялілася шматгадовым вопытам догляду за архідэямі. Наведвальнікі ўбачылі, як правільна іх угнойваць, паліваць, перасаджваць, абрэзваць і размножваць. Таксама быў паказаны грунт, у якім гэтыя экзатычныя прыгажуні лепш за ўсё сябе адчуваюць. Аматары архідэй пад кіраўніцтвам спецыялістаў вучыліся гатаваць субстрат для іх пасадкі і прынялі ўдзел у паліванні («купанні») раслін. Актыўна цікавіліся ўсім і дзеці, якія прыйшлі разам з бацькамі ў Зімовы сад.

У сувязі з тым, што многія наведвальнікі Зімовага саду праяўляюць вялікую цікавасць да вырошчвання розных раслін, у будучыні плануецца правядзенне іншых падобных майстар-класаў – у тым ліку і па догляду за раслінамі адкрытага грунту.

Міжфакультэцкі цэнтр экалогіі

Падзяліцца: