«Марафон спартыўных гульняў»

27 кастрычніка ў БрДУ імя А.С. Пушкіна ў рамках святкавання Дня ўніверсітэта пад патранажам кафедры спартыўных дысцыплін прайшоў «Марафон спартыўных гульняў».

На працягу трох гадзін спарткомплекс прымаў сур’ёзныя баталіі на гульнявых пляцоўках па чатырох найбольш папулярных сярод студэнцкай моладзі спартыўных гульнях: валейболе, баскетболе, футболе і гандболе. Усе ахвотныя маглі паўдзельнічаць у конкурсах і міні-гульнях, паспаборнічаць у спартыўным майстэрстве паміж сабой і не толькі. У конкурснай праграме былі вызначаны прэтэндэнты на званне «Самага дакладнага валейбаліста», «Самага трапнага баскетбаліста», «Самага хуткага футбаліста» і «Самага моцнага гандбаліста». Хочацца адзначыць, што ўсе тытулы і ўзнагароды знайшлі сваіх гаспадароў у досыць нялёгкай і напружанай барацьбе.

У якасці запрошаных зорак беларускага спорту выступілі выпускнікі і студэнты факультэта фізічнага выхавання, спартсмены вядучых гульнявых каманд Брэсцкага рэгіёна, якія яшчэ раз на асабістым прыкладзе паказалі годнае спалучэнне высокіх дасягненняў у занятках спортам і вучобе ў нашым універсітэце. Гэта гульцы вядомага на еўрапейскай арэне гандбольнага клуба «БГК імя Мяшкова» і шматразовыя ўладальнікі Кубка Рэспублікі Беларусь і бронзавыя прызёры сезона 2015/16 валейбалісткі клуба «Прыбужжа» г. Брэста.

Мерапрыемства выклікала вельмі вялікую і жывую цікавасць у студэнтаў нашай альма матар, што дае нам падставу гаварыць пра тое, што задача названага мерапрыемства, якая бачыцца ў прапагандзе заняткаў гульнявымі відамі спорту ў студэнцкім асяроддзі з прыцэлам на дасягненне максімальна высокіх спартыўных вынікаў, выканана.

Старшы выкладчык
кафедры спартыўных дысцыплін
Клос А.М

Падзяліцца: