Мінскі паўмарафон-2016

У Мінскім паўмарафоне-2016, што адбыўся 4 верасня 2016 года ў сталіцы Рэспублікі Беларусь, актыўны ўдзел прыняла каманда нашага ўніверсітэта, якую ўзначаліў дэкан факультэта фізічнага выхавання Міхаіл Васільевіч Галавач.

Прадстаўнікі факультэта фізічнага выхавання выступалі на дыстанцыі 5,5 км. Па выніках лёгкаатлетычнага забегу першакурснікі Вадзім Гаргун і Кірыл Шайкоў паказалі 80-ы і 116-ы вынікі сярод мужчын, а студэнткі чацвёртага курса Наталля Шворак і Анастасія Мішковіч паказалі 130-ы і 131-ы вынікі сярод жанчын.

Выкладчык кафедры фізічнай культуры Мікалай Дзмітрыевіч Заўялаў бег дыстанцыю 10 км 550 м. Ён стаў 23-м ва ўзроставай катэгорыі ад 50 да 59 гадоў з вынікам 55 мін 27 сек.

У паўмарафоне прынялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек, сярод іх Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, прадстаўнікі гарадской адміністрацыі, выдатныя спартсмены, вядомыя артысты, а таксама мінчане і госці сталіцы.

Мінскі паўмарафон – гэта магчымасць паспаборнічаць у лоўкасці, вынослівасці, хуткасці. Першае такое спаборніцтва адбылося ў 2013 годзе ў Дзень горада і з тых часоў стала традыцыйным. Зараз у першыя выходныя верасня сталіца адзначае яшчэ і свята спорту і здароўя, збіраючы на цэнтральных праспектах і вуліцах прафесіяналаў і аматараў бегу.

Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна выказвае падзяку арганізатарам спаборніцтва за выдатную магчымасць прыняць удзел у Мінскім паўмарафоне, які традыцыйна стаў вялікім святам не толькі спорту, але і адзінства і сілы духу нашай краіны.

М.В.Галавач,
дэкан факультэта фізічнага выхавання

Падзяліцца: