Міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін»

З 22 па 31 кастрычніка 2018 года кафедра агульнага і рускага мовазнаўства праводзіла міжфакультэцкія Дні моладзевай творчасці «Наш Пушкін».

Праграма Дзён была насычаная, пазнавальная і цікавая. Яна ўключала 16 мерапрыемстваў, мэта якіх – узбагачэнне ведаў студэнтаў пра асобу Пушкіна, яго спадчыну, пашырэнне эрудыцыі і развіццё творчых здольнасцяў не толькі славеснікаў, але і студэнтаў іншых факультэтаў.

У чытальнай зале філалагічнага факультэта дацэнтам Н.М. Гурынай была падрыхтавана выстава кніг пушкінскай эпохі «Все волновало нежный ум...». Філолагі, замежныя студэнты 3-га курса біялагічнага, юрыдычнага факультэтаў, студэнты 2-га курса факультэтаў фізічнага выхавання і замежных моў, а таксама ўсе жадаючыя мелі магчымасць перагартаць старонкі цудоўных кніг А.С. Пушкіна, яго сяброў, сучасных даследчыкаў. Гучалі знаёмыя пушкінскія радкі, кожны зноў адкрываў для сябе вялікага паэта.

22 і 25 кастрычніка студэнты 1-га курса факультэта замежных моў прынялі ўдзел у віктарыне «Латынь из моды вышла ныне?» (арганізатары – дацэнт В.А. Фелькіна і старшы выкладчык Н.Я. Нікіціна). Лацінская мова была асновай класічнай адукацыі, у Царскасельскім ліцэі яна выкладалася ў аб’ёме 6 гадзін у тыдзень (руская – толькі 3 гадзіны). Лацінскія фразеалагізмы і цэлыя выказванні, вобразы старажытнарымскіх паэтаў і гістарычных дзеячаў часта сустракаюцца ў творах А.С. Пушкіна. Пераможцамі сталі Кацярына Боўш і Ганна Крывецкая.

24 кастрычніка прайшоў конкурс «Люблю я пушкинские строки...» сярод студэнтаў 3-га курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці «Руская філалогія» – лінгвістычны аналіз вершаў А.С. Пушкіна (арганізатар – дацэнт Г.В. Пісарук). Лепшымі прызнаны працы Куншцель Анастасіі (1-е месца), Семашкевіч Ганны (2-е месца), Кушнікавай Юліі і Ганчаровай Наталлі (3-е месца). Кушнікава Ю. адзначыла: «Ва ўсіх страфах пушкінскіх вершаў пра восень, у кожным яго слове я бачу схаванае прызнанне паэта ў любові да гэтай пары года».

24 кастрычніка дацэнтам В.А. Фелькінай упершыню было арганізавана інтэлектуальнае шоу «О сколько нам открытий чудных готовит просвещенья дух!» для студэнтаў 2-га курса спецыяльнасці «Руская філалогія». Студэнтка 4-га курса гэтай жа спецыяльнасці Таццяна Лукашэвіч расказала аб інтэрнэт-рэсурсах, што папулярызуюць дасягненні сучаснай навукі. Філолагі пераканаліся, што фізіка, астраномія, біялогія – найцікавейшыя галіны ведаў, што Інтэрнэт можа дапамагчы і ў прафесійным удасканаленні, і ў імкненні стаць эрудыраванай і рознабакова развітай асобай.

26 кастрычніка адбылася сустрэча замежных студэнтаў 3-га курса біялагічнага факультэта з работнікамі Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С. Пушкіна (арганізатар – старшы выкладчык Г.А. Верамяюк). Студэнты адзначылі асаблівую атмасферу залаў бібліятэкі, наведалі пушкінскі куток, выставу акварэляў Вольгі Данілюк і фотавыставу беларускага паэта, барда Алеся Паплаўскага. Вынікам экскурсіі сталі творчыя працы – эсэ студэнтаў.

У рамках Пушкінскіх Дзён старшым выкладчыкам Г.А. Верамяюк быў праведзены традыцыйны творчы конкурс «Мой Пушкін» сярод студэнтаў 1-га курса спецыяльнасці «Руская філалогія». Працавалі ў розных намінацыях: пісалі пра Пушкіна, прадстаўлялі свае вершы, фатаграфавалі любімую пару паэта. Лепшыя матэрыялы Юрковіч Анастасіі, Лабай Марыі, Ярмашэвіч Анастасіі, Алесіюк Кацярыны былі аформлены ў спецыяльным выпуску газеты.

30 кастрычніка прайшла віктарына «От Пушкина до наших дней: учим русский». У інтэлектуальным баі сышліся дзве каманды студэнтаў-замежнікаў спецыяльнасці «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)»: прадстаўнікі трэцяга курса і групы «А» другога курса філалагічнага факультэта. Падрыхтавалі і правялі гэта мерапрыемства дацэнты кафедры агульнага і рускага мовазнаўства С.А. Каралевіч і Л.А. Гадуйка. Знаўцам дасталіся сур’ёзныя і не вельмі пытанні па розных раздзелах рускай мовы – яе гісторыя, фанетыка, арфаграфія, лексікалогія, фразеалогія, марфалогія, сінтаксіс. Таксама канкурсантам прапанавалі вызначыць значэнне некаторых, ужо ўстарэлых, слоў з твораў А.С. Пушкіна. А музычныя паўзы (прысвечаныя вялікаму рускаму паэту песні і сюжэт «Пушкин.net» з гумарыстычнага кіначасопіса «Ералаш») яшчэ раз далі магчымасць усім удзельнікам сустрэчы падумаць пра асобу Аляксандра Сяргеевіча, пра тое, што ён заўсёды застаецца сучасным. З невялікім адрывам перамагла каманда 2-га курса.

Некаторыя мерапрыемствы яшчэ чакаюць свайго завяршэння, восень дорыць сапраўды пушкінскія Дні...

Старшы выкладчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Верамяюк Г.А.

Падзяліцца: