Міжнародная алімпіяда па матэматыцы для вучняў 9-11 класаў

Другі год запар на базе фізіка-матэматычнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна праводзіцца міжнародная алімпіяда па матэматыцы для вучняў 9-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі гарадоў Брэст (Беларусь), Беласток (Польшча) і Вільнюс (Літва). Асноўнымі мэтамі і задачамі гэтай алімпіяды з’яўляюцца: развіццё ў вучняў матэматычных здольнасцей, падтрымка адораных дзяцей; прапаганда навуковых ведаў; наладжванне сяброўскіх адносін з аднагодкамі з найбліжэйшых да Беларусі дзяржаў.

Алімпіяда праводзіцца пад патранажам кафедры методыкі выкладання матэматыкі і інфарматыкі і пры садзейнічанні Упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага філіяла кампаніі «ЭПАМ Сістэмз». Падрабязная інфармацыя аб алімпіядзе апублікавана на вэб-старонцы кафедры ў раздзеле «Міжнародная алімпіяда». Удзел у алімпіядзе з’яўляецца індывідуальным, добраахвотным, бясплатным.

У гэтым навучальным годзе алімпіяда праводзілася з 7 снежня 2015 г. па 10 красавіка 2016 г. у тры туры:

1 тур (адборачны) праведзены з 7 снежня па 20 снежня 2015 г.

2 тур адбыўся 20 лютага 2016 г. (праведзены ў рэжыме рэальнага часу; удзельнікам алімпіяды трэба было на працягу 4 гадзін рашыць 6 задач, з іх 2 задачы ад беларускага боку; 2 задачы ад польскіх і 2 задачы ад літоўскіх арганізатараў).

3 тур (заключны) быў 9 красавіка 2016 г. у г. Беласток (Польшча). Там сабраліся пераможцы папярэдніх тураў з трох краін – Польшчы, Літвы і Беларусі, у тым ліку берасцейцы:

  1. Малчанаў Іван, вучань 11 класа УА «Гімназія № 1 г. Брэста»;
  2. Жак Аляксандр, вучань 10 класа УА «Ліцэй № 1 імя А.С. Пушкіна г. Брэста»;
  3. Дубоўская Кацярына, вучаніца 10 класа УА «Гімназія № 6 г. Брэста»;
  4. Дзямідка Ігар, вучань 10 класа УА «Гімназія № 1 г. Брэста».

У цяжкай інтэлектуальнай барацьбе брэсцкія школьнікі заваявалі два дыпломы:

  • Жак Аляксандр – дыплом II ступені;
  • Дубоўская Кацярына – дыплом III ступені.

Віншуем пераможцаў і жадаем поспехаў міжнароднай алімпіядзе!

Падзяліцца: