Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыі і навацыі: культура, грамадства, асоба»

16 лістапада 2015 г. прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнты гістарычнага факультэта прымалі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Традыцыі і навацыі: культура, грамадства, асоба», прысвечанай 550-годдзю Спаскага манастыра г. Кобрына. Удзельнікамі канферэнцыі, якая праходзіла ў Палацы культуры ў Кобрыне, з’яўляліся таксама вучоныя, супрацоўнікі ўстаноў культуры, прадстаўнікі праваслаўнага духавенства Брэсцкай епархіі і свяшчэннаслужыцелі з Польшчы, Украіны.

З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся кандыдат багаслоўя, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Іванавіч Зазуля. У сваіх дакладах выступоўцы асвятлялі як гісторыю Кобрынскага Спаскага манастыра, так і іншыя старонкі мінулага Праваслаўнай Царквы на беларускіх землях. Доктар гістарычных навук, прафесар Андрэй Аляксандравіч Гарбацкі на падставе выяўленых дакументальных крыніц адносіць пачатковую гісторыю Спаскага манастыра ў Кобрыне да 1401 г., а не да 1465 г., як лічылася раней. Доктар гістарычных навук Аляксандр Мікалаевіч Вабішчэвіч паказаў ролю праваслаўных манастыроў у сацыякультурным жыцці Беларускага Палесся. Даволі змястоўнымі былі выступленні доктара габілітаванага, прафесара Антонія Мірановіча (Беластоцкі ўніверсітэт), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Святланы Уладзіміраўны Сілавай (ГрДУ імя Я. Купалы), кандыдата гістарычных навук, дацэнта Аляксандра Мікалаевіча Свірыда, выкладчыка Надзеі Віктараўны Самасюк, аспіранта Рамана Валянцінавіча Чуля (БрДУ імя А.С. Пушкіна). Да эпісталярнай спадчыны манастыроў звяртаўся студэнт 5 курса гісторыка-сацыялагічнага факультэта Беластоцкага ўніверсітэта Марцін Мірановіч. Добра падрыхтаванымі да выступленняў аказаліся студэнты гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна – Сяргей Умец, Юлія Салаўчук, Вадзім Селівонік (5 курс), Сяргей Жук, Аляксандр Купрыянюк, Мікалай Лагодзіч, Арцём Гудач (1 курс).

Прадстаўнікі Валынскай епархіі Украінскай Праваслаўнай Царквы падаравалі для бібліятэкі ўніверсітэта факсімільныя выданні Луцкага Евангелля-апракоса і Луцкага Псалтыра ХІV стагоддзя. Трэба спадзявацца, што гэтыя кніжныя фаліянты будуць добрымі вучэбнымі дыдактычнымі дапаможнікамі для будучых гісторыкаў, філолагаў. Пасля завяршэння канферэнцыі была наладжана экскурсія ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя А.В. Суворава.

Трэба сказаць словы ўдзячнасці за гасцінны прыём удзельнікаў канферэнцыі настаяцельніцы Спаскага манастыра ігуменні Еўфрасінні (Куракевіч), а таксама благачыннаму Кобрынскай царкоўнай акругі протаіерэю Багдану Хаме. Арганізатары канферэнцыі выказваюць падзяку кіраўніцтву ўніверсітэта за выдзяленне аўтобуса.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: