Міжнародная навуковая канферэнцыя «Традыцыі духоўнай і матэрыяльнай культуры памежжа»

15-16 лістапада 2016 г. у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адбылася Міжнародная навуковая канферэнцыя «Традыцыі духоўнай і матэрыяльнай культуры памежжа». Арганізатарамі мерапрыемства з’яўляліся БрДУ імя А.С. Пушкіна і Брэсцкая епархія Беларускай Праваслаўнай Царквы. У працы канферэнцыі, якая праводзілася ў рамках Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гг., прынялі ўдзел навукоўцы, прадстаўнікі духавенства, студэнты Беларусі, Польшчы, Расіі, Украіны.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся рэктар універсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Г.М. Сендзер, епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Брэсцкага аблвыканкама Д.А. Баўкуновіч. Протаіерэй Васіль Маўчанюк абвясціў прывітальнае слова мітрапаліта Смаленскага і Раслаўльскага Ісідора.

На пленарным пасяджэнні выступілі айчынныя і замежныя спецыялісты ў галіне гісторыі, фалькларыстыкі, культуралогіі, сацыяльна-культурнай антрапалогіі. Доктар гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі славянскіх народаў БрДУ імя А.С. Пушкіна А.М. Вабішчэвіч раскрыў ролю хрысціянства ў культурна-цывілізацыйным развіцці ўсходнеславянскіх народаў. Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства БрДУ імя А.С. Пушкіна І.А. Швед на аснове вынікаў палявых даследаванняў паказала адлюстраванне канца часу ў «вуснай Бібліі» беларусаў. Гісторыі праваслаўных храмаў і святынь былі прысвечаны даклады доктара габілітаванага, прафесара, загадчыка кафедры гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Беластоцкага ўніверсітэта А. MірановічаПраваслаўныя прыходы Брэста ў XVI ст.») і кандыдата гістарычных навук, прарэктара па навуковай працы Смаленскай праваслаўнай духоўнай семінарыі, іераманаха Рафаіла (Івачкіна)Праваслаўе беларускай Смаленшчыны»). Пытанні міжкультурнай камунікацыі на беларуска-польскім памежжы і педагагічнай антрапалогіі выкладаліся ў выступленнях прадстаўнікоў Беластоцкага ўніверсітэта – доктара габілітаванага, прафесара, загадчыка кафедры міжкультурнай адукацыі Е. Нікітаровіча, доктара габілітаванага, прафесара, дэкана факультэта педагогікі і псіхалогіі М. Сабецкага, доктара гістарычных навук, прафесара, загадчыка кафедры тэорыі выхавання і педагагічнай антрапалогіі А.А. Гарбацкага.

Магістр багаслоўя, протаіерэй Марцін Госцік з Люблінскай епархіі падзяліўся вопытам польска-беларускага супрацоўніцтва праваслаўнай моладзі. Прэс-сакратар Валынскай епархіі, протаіерэй Валянцін Марчук правёў прэзентацыю факсімільных выданняў – Луцкага Псалтыру і Луцкага Евангелля XIV ст.

Вельмі напружанай была праца 4-х секцый канферэнцыі («Духоўная спадчына Праваслаўя», «Этнічныя ўзаемаадносіны, дыялог культур», «Міжканфесійныя адносіны», «Адукацыя, навука, культура, сацыяльная сфера»). На секцыях прагучала каля 80 дакладаў, прысвечаных розным бакам духоўнай і матэрыяльнай культуры памежжа.

Кафедра гісторыі славянскіх народаў

Падзяліцца: