Міжнародны семінар па актуальных праблемах навук аб Зямлі

Міжнародны навукова-практычны семінар «Актуальныя праблемы навук аб Зямлі. Геалагічныя і геаграфічныя даследаванні трансгранічных рэгіёнаў», які ўключаны ў«Пералік навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2015 год», адбыўся на геаграфічным факультэце БрДУ імя А.С. Пушкіна з 21 па 25 верасня 2015 г.

Удзельнікаў і гасцей семінара віталі доктар педагагічных навук, прафесар, рэктар Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Г.М. Сендзер, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар, акадэмік, дырэктар Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі А.К. Карабанаў, доктар габілітаваны, прафесар геалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, галоўны навуковы супрацоўнік Польскага геалагічнага інстытута Л. Маркс, доктар геолага-мінералагічных навук, доктар геаграфічных навук, доктар тэхнічных навук, прафесар, старшыня Дзяржаўнай камісіі Украіны па запасах карысных выкапняў Г.І. Рудзько. Прывітанні ў адрас удзельнікаў семінара накіравалі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь А.М. Каўхута і прэзідэнт Расійскага геалагічнага таварыства В.П. Арлоў.

У працы семінара прынялі ўдзел 55 навукоўцаў і спецыялістаў з пяці краін: Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны і Літвы.

Падчас семінара ўдзельнікамі былі зроблены больш 90 дакладаў, прысвечаных тром асноўным напрамкам навуковых даследаванняў – геалогіі, геаграфіі і экалогіі.

У рамках семінара была рэалізавана спецыяльная праграма палявых даследаванняў на геалагічных аб’ектах Бярозаўскага, Камянецкага і Брэсцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, дзе спецыялістамі былі вывучаны асаблівасці геалагічнай будовы ледавіковых і міжледніковых гарызонтаў чацвярцічных адкладаў.

Госці і ўдзельнікі канферэнцыі наведалі Зімовы сад, дзе мелі магчымасць пазнаёміцца з калекцыяй раслін з розных куткоў нашай планеты, былі на экскурсіі па горадзе Брэсце, наведалі мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой, а таксама пабывалі ў захапляльным падарожжы па тэрыторыі нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Рэпартаж пра семінар можна паглядзець тут.

І.В. Абрамава, М.А. Багдасараў

Падзяліцца: