Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – IХ»

19 красавіка 2018 г. у БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – IХ».

У працы канферэнцыі прынялі ўдзел аспіранты і студэнты навучальных устаноў Беларусі. Галоўным арганізатарам канферэнцыі выступіла кафедра крымінальна-прававых дысцыплін, а таксама Дыскусійны клуб грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці БрДУ імя А.С. Пушкіна, кіраўнікамі якога з’яўляюцца В.М. Іванчына і Э.М. Севярын.

Галоўнай мэтай канферэнцыі традыцыйна выступае не толькі павышэнне адукацыйнага ўзроўню студэнтаў у рамках зададзенай праблематыкі, але і ажыццяўленне праграмы рэлігійнай бяспекі – інфармаванне моладзі аб дзяленні канфесій на культураўтваральныя і дэструктыўныя.

Традыцыйна ў арганізацыі і працы канферэнцыі бяруць удзел прадстаўнікі сектара па справах рэлігій і нацыянальнасцей галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў галоўны спецыяліст Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Баўкуновіч Дзмітрый Аляксандравіч, які расказаў аб канфесійнай сітуацыі на Брэстчыне. Усе рэлігійныя арганізацыі ў нашай краіне павінны функцыянаваць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 снежня 1992 г. «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». У ходзе выступлення Д.А. Баўкуновіч адзначыў, што ў г. Брэсце дзейнічаюць усе 17 канфесій, якія маюць месца ў Брэсцкай вобласці. Усяго ў Рэспубліцы Беларусь на 1 студзеня 2018 г. у Дзяржаўным рэестры рэлігійных арганізацый зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій, што сведчыць аб поліканфесійнасці нашай дзяржавы. У цяперашні час для папярэджання рэгістрацыі нетрадыцыйных рэлігійных канфесій, што могуць быць патэнцыйна небяспечнымі для грамадзян, існуюць некалькі цэнзаў, якія павінна вытрымліваць рэлігійная арганізацыя ў Рэспубліцы Беларусь.

Па-першае, калі канфесія ніколі раней не мела месца на тэрыторыі нашай краіны, то для яе дзяржаўнай рэгістрацыі абавязкова прызначаецца рэлiгiязнаўчая экспертыза. У выпадку, калі рэлiгiязнаўчая экспертыза дасць станоўчае заключэнне, рэгістрацыя ажыццяўляецца. У іншым выпадку канфесіі не дазваляецца дзейнічаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Па-другое, рэлігійныя абшчыны ўтвараюцца па ініцыятыве не менш за дваццаць грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і пастаянна пражываюць у адным цi некалькiх населеных пунктах, што маюць сумежныя тэрытарыяльныя рубяжы, і дзейнічаюць толькі на іх тэрыторыі. Гэта значыць, калі вернікаў будзе толькі 19 чалавек, то рэгістрацыі іх абшчыны не адбудзецца.

Па-трэцяе, калі абшчыны хочуць стварыць рэлігійнае аб’яднанне, то яно ўтвараецца пры наяўнасці не менш за дзесяць рэлігійных абшчын адзінага веравызнання, з якіх хаця б адна ажыццяўляе сваю дзейнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш за дваццаць гадоў. Дзейнасць рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання распаўсюджваецца на тэрыторыю дзейнасці рэлігійных абшчын, што ўваходзяць у яго.

Усе названыя вышэй меры былі прыняты для папярэджання негатыўнага ўздзеяння на грамадзян з боку дэструктыўных рэлігійных арганізацый.

Д.А. Баўкуновіч адказаў на шэраг пытанняў аб статусе і ўплыве рэлігіі ў беларускім грамадстве, суадносінах рэлігійнай і свецкай адукацыі, міжканфесійных адносінах, узаемадзеянні органаў улады з канкрэтнымі канфесіямі.

У ходзе работы канферэнцыі былі заслуханы таксама выступленні студэнтаў, якія былі прысвечаны розным праблемам функцыянавання рэлігіі ў сучасным свеце. Даклады студэнтаў, прадстаўленыя на канферэнцыі, прадэманстравалі цікавасць моладзі да рэлігіязнаўчай і сектазнаўчай праблематыкі.

На канферэнцыі адбыліся дыскусіі, якія былі выкліканы актуальнымі і цікавымі дакладамі Азімкі Кірыла (аспірант НАН Рэспублікі Беларусь), Шацковой Паліны (студэнтка 2 курса юрыдычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна), Вашчукі Міхаіла (студэнт 1 курса псіхолага-педагагічнага факультэта).

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі за актыўны ўдзел
і жадаем творчых поспехаў у далейшай навукова-даследчай дзейнасці! 

Іванчына В.М., старшыня арганізацыйнага
камітэта канферэнцыі

Падзяліцца: