Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VIII»

19 красавіка 2017 г. у БрДУ імя А.С. Пушкіна адбылася Міжвузаўская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя «Моладзь і рэлігія ў сучасным свеце – VIII». У працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі, магістранты, студэнты і навучэнцы навучальных устаноў Беларусі, Украіны, Казахстана. Галоўным арганізатарам канферэнцыі выступіла кафедра крымінальна-прававых дысцыплін, а таксама Дыскусійны клуб грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці БрДУ імя А.С. Пушкіна, кіраўнікамі якога з’яўляюцца В.М. Іванчына і Э.М. Севярын.

Для многіх спецыяльнасцей у рамках навучальных дысцыплін не прадугледжана вывучэнне ўзаемадзеяння рэлігіі і права, рэлігіі і эканомікі, рэлігіі і палітыкі. Таму галоўнай мэтай канферэнцыі традыцыйна з’яўляецца не толькі павышэнне адукацыйнага ўзроўню студэнтаў у межах зададзенай праблематыкі, але і ажыццяўленне праграмы рэлігійнай бяспекі – інфармаванне моладзі аб дзяленні канфесій на культураўтваральныя і дэструктыўныя.

Асаблівасцю канферэнцыі ў гэтым годзе стаў яе новы фармат: удзельнікі з Украіны (г. Мікалаеў) выступалі з дапамогай відэаканферэнцсувязі (пры тэхнічнай падтрымцы Цэнтра інфармацыйных тэхналогій БрДУ імя А.С. Пушкіна). З асабліва актуальным і цікавым дакладам выступіў доктар юрыдычных навук, прафесар, загадчык кафедры правазнаўства Вучэбна-навуковага інстытута гісторыі, паліталогіі і права Мікалаеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя В.А. Сухамлінскага (г. Мікалаеў, Украіна) Кірычэнка Аляксандр Анатольевіч. У сваім выступленні ён прапанаваў распрацаваць і прыняць на Украіне і ў Рэспубліцы Беларусь на аснове Асноўнага і канстытуцыйных законаў Канстытуцыйны кодэкс, а замест Закона аб Канстытуцыйным Судзе – Кодэкс канстытуцыйнага судаводства, якія павінны стаць належнай кадыфікацыйнай асновай для ажыццяўлення канстытуцыйнага судаводства ў перспектыўнай Канстытуцыйнай судовай палаце Вярхоўнага Суда і абласных судоў і суддзямі канстытуцыйнай спецыялізацыі мясцовых судоў. На думку прафесара А.А. Кірычэнкі, у аснове названых кодэксаў павінны ляжаць палажэнні новай дактрыны прававога статусу (правоў, свабод, абавязкаў, інтарэсаў) сацыясуб’ектаў, якія здольны забяспечыць найбольш эфектыўнае, рацыянальнае і якаснае функцыянаванне любых далікатных праваадносін, у тым ліку і рэалізацыю правоў, свабод, абавязкаў і інтарэсаў моладзі ў рэлігійных праваадносiнах.

З дакладам і ў дыскусіях таксама выступілі кандыдат юрыдычных навук, дацэнт названай кафедры Дзмітрук Ірына Мікалаеўна і кандыдат юрыдычных навук, загадчык кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права марскога факультэта Нацыянальнага ўніверсітэта караблебудавання імя адмірала Макарава, дацэнт Федарэнка Таццяна Мікалаеўна, а таксама студэнты-юрысты гэтых універсітэтаў.

Традыцыйна ў арганізацыі і рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Брэсцкага аблвыканкама. Перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў галоўны спецыяліст аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей Баўкуновіч Дзмітрый Аляксандравіч, які расказаў пра канфесійную сітуацыю на Брэстчыне. Удзельнікаў канферэнцыі цікавілі пытанні наконт рэлігійнай (канфесійнай) адукацыі ў Брэсцкай вобласці, а таксама пра тое, на якіх падставах у цяперашні час ліквідуюць рэлігійныя абшчыны. Слухачы мелі магчымасць атрымаць сацыялагічную даведку аб рэлігійна-канфесійных адносінах не толькі ў г. Брэсце, але і ў цэлым па вобласці. Д.А. Баўкуновіч падкрэсліў, што рэлігійная літаратура абавязкова павінна мець выхадныя дадзеныя, якія вызначаюць яе канфесійную прыналежнасць.

У ходзе работы канферэнцыі былі заслуханы таксама выступленні студэнтаў, што прысвечаны розным праблемам функцыянавання рэлігіі ў сучасным свеце. Дыпломамі за лепшы даклад былі адзначаны студэнты БрДУ імя А.С. Пушкіна Талстых Таццяна Віктараўна (3 курс, геаграфічны факультэт) і Шчэрба Арсеній Аляксеевіч (4 курс, гістарычны факультэт). Работы студэнтаў, прадстаўленыя на канферэнцыі, прадэманстравалі крэатыўнасць, сістэмнасць і логіку ў працы з крыніцамі (у тым ліку і архіўнымі), цікавую і актуальную падачу матэрыялу. Падчас абмеркавання дакладаў былі прадэманстраваны створаныя студэнтамі мультымедыя-прэзентацыі.

На канферэнцыі адбыліся цікавыя дыскусіі, дзе студэнты прадэманстравалі непадробную цікавасць да рэлігіязнаўчых праблем. Дыпломы «Самы актыўны ўдзельнік дыскусіі» атрымалі студэнты 2-га курса гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна Жук Сяргей Аляксандравіч і Даніленка Станіслаў Сяргеевіч.

Дзякуем усім удзельнікам канферэнцыі за актыўны ўдзел
і жадаем творчых поспехаў у далейшай навукова-даследчай дзейнасці!

Іванчына В.М., старшыня арганізацыйнага камітэта канферэнцыі

Падзяліцца: