«Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні»: у БрДУ адбыўся Адкрыты конкурс патрыятычнай песні

Напярэдадні Дня Перамогі ў БрДУ імя А.С. Пушкіна традыцыйна праходзіць Адкрыты конкурс патрыятычнай песні «Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні». У гэтым годзе ён адбыўся 3 мая. Паводле слоў арганізатараў, конкурс сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў – каля 200 салістаў, дуэтаў і ансамбляў.

Не выпадкова дэвізам фестывалю з’яўляюцца словы «Свет без вайны». Як адзначаюць арганізатары, падтрыманне мірных узаемаадносін паміж народамі асабліва важна ў наш неспакойны час. Варта адзначыць, што для студэнтаў і школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў фестывалі, было важна не столькі прадэманстраваць свае галасавыя дадзеныя, колькі ўшанаваць памяць тых людзей, якія аддалі свае жыцці за шчаслівую будучыню Радзімы.

Конкурс праводзіўся ў два этапы. У першым туры ўдзельнікі дасылалі ў аргкамітэт відэапрэзентацыі сваіх песень. Другі тур праходзіў у Цэнтры моладзевай творчасці: тут выступілі 116 канкурсантаў. Ах, эти тучи в голубом», «Боевые ордена», «Берегите родных», «Письмо с фронта» і іншыя песні – на працягу ўсёй конкурснай праграмы журы і гледачы пранікаліся духам ваенных гадоў: адны пускалі слёзы, іншыя ўспаміналі гісторыі сваякоў аб гераізме, праяўленым блізкімі, трэція задумваліся над важнасцю міру на Зямлі. Журы вызначыла пераможцаў у трох узроставых катэгорыях, пасля чаго адбыўся гала-канцэрт дыпламантаў I ступені.

Можна з упэўненасцю сказаць, што мэты конкурсу былі паспяхова дасягнуты. Выхаванне ў дзяцей і моладзі пачуцця гонару за сваю краіну, актывізацыя імкнення да міру і ўзаемаразумення паміж народамі, абарона агульначалавечых і духоўных каштоўнасцей – задачы не простыя. Але кіраўніцтва ўніверсітэта ўпэўнена, што правядзенне такіх мерапрыемстваў – важны крок у гэтым накірунку.

Віншуем пераможцаў конкурсу і жадаем ім новых дасягненняў!

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба
Фота: Таццяна Ігнатавец (філалагічны факультэт)

Падзяліцца: