Мы ў заўтра выбралі дарогу

«Мы ў заўтра выбралі дарогу» – пад такім дэвізам 20 верасня 2018 года ў Палацы культуры прафсаюзаў прайшоў урачысты вечар-пасвячэнне першакурснікаў БрДУ ў студэнты. Песні, танцы, спартыўныя нумары, усмешкі і добры настрой – маштабна, ярка і маляўніча праводзіць свята першакурснікаў у БрДУ стала добрай традыцыяй.

Важнымі ў гэты дзень для ўчарашніх школьнікаў сталі вітальныя словы рэктара ўніверсітэта, доктара педагагічных навук, прафесара Ганны Сендзер. Яна павіншавала першакурснікаў з новым этапам у іх жыцці і выказала ўпэўненасць у тым, што ў бліжэйшыя чатыры гады іх чакае шмат цікавых момантаў: яны не толькі будуць асвойваць асновы выбраных прафесій, але і актыўна ўключацца ў пазавучэбную дзейнасць універсітэта, праявяць шматлікія таленты і здольнасці. Таксама Ганна Мікалаеўна пажадала новым студэнтам БрДУ здароўя, поспехаў у навукова-даследчай дзейнасці і новых перамог.

Пацвярджэннем яе слоў стаў адзін з творчых нумароў канцэртнай праграмы – песня «Лепшае чакае нас наперадзе» ў выкананні вакальнай студыі эстрадных спеваў «Ступені». Таксама на сцэне ў гэты дзень было шмат запальных танцаў, зачаравальных акрабатычных і спартыўных эцюдаў. Пакарыла першакурснікаў выступленне «Партрэты» лідараў студэнцкага самакіравання, якое ў арыгінальнай творчай форме пазнаёміла дзяцей з рэктаратам і кіраўнікамі некаторых структурных падраздзяленняў і аб’яднанняў нашага ўніверсітэта.

Кульмінацыяй свята стала традыцыйная клятва першакурснікаў. Самыя юныя студэнты-пушкінцы паабяцалі не баяцца цяжкасцяў, старанна вучыцца і годна несці званне студэнта, каб у будучыні альма-матар імі ганарылася.

Фінальны акорд вечара-пасвячэння – выкананне песні «Непадобныя», запальны флэш-моб і рознакаляровы шарапад. Сімвалічна, што гэтая кампазіцыя завяршыла канцэрт. На сцэну выйшлі такая розныя студэнты з індывідуальнымі думкамі, ідэямі, стылем, але сумесная творчасць іх аб’яднала. А першакурснікі атрымалі масу незабыўных уражанняў і зразумелі, што абраная імі дарога, імя якой Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна, абавязкова будзе шчаслівай і прывядзе да заваявання новых вяршынь.

Юлія Воўк, рэдактар студэнцкага клуба

Падзяліцца: