Мы ў заўтра выбралі дарогу!

«Мы ў заўтра выбралі дарогу!» – гэтыя словы сталі лозунгам Пасвячэння першакурснікаў у студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, якое адбылося 14 верасня ў ДК Прафсаюзаў. Сапраўды, для кожнага студэнта, які ў гэтым годзе пераступіў парог нашай альма матар, надыходзіць дзіўная пара новых адкрыццяў, дасягненняў, цікавых сустрэч. Нездарма ж кажуць, што менавіта студэнцкія гады самыя яркія і насычаныя.

У сваім прывітальным слове рэктар універсітэта Ганна Мікалаеўна Сендзер павіншавала першакурснікаў з пачаткам новага этапу іх жыцця і адзначыла, што ў гэтым годзе першакурснікі адрозніваюцца асаблівай мэтанакіраванасцю і жаданнем спасцігнуць усе таямніцы на шляху да прафесійнага станаўлення.

Задаў тон цудоўнаму святу яркі, завадны танцавальны нумар «Калінка» ў выкананні студэнтаў юрыдычнага факультэта. Мультымедыя-прэзентацыя «Нашы традыцыі» пазнаёміла першакурснікаў з разнастайным і насычаным універсітэцкім жыццём.

У тым, што студэнты-пушкінцы таленавітыя не толькі ў вучобе, але і шмат у чым іншым, можна было пераканацца на працягу ўсяго канцэрта: неардынарнае выступленне зборнай універсітэцкай лігі КВЗ, лірычны вальс, запальныя рытмы танцавальнай студыі «One Way», тэхнічнае і віртуознае валоданне скарагаворкамі Данііла Віркоўскага, прамоўніцкі зварот Аляксандры Гусевай, які прымусіў не толькі ўсміхнуцца, але і задумацца над дастаткова сур’ёзным і важным пытаннем «віртуальнага і рэальнага жыцця». У канцэртнай праграме прагучалі песні ў выкананні Хван Джон Хва і ўдзельнікаў студыі «Ступені» (кіраўнік Л. Борсук): Ірыны Замулко і мужчынскай вакальнай групы «Рух».

У нашым універсітэце асаблівая ўвага надаецца і валанцёрскаму руху, бо так важна аказаць дапамогу тым, хто больш за ўсё ў ёй мае патрэбу. Пацвярджэннем гэтаму стала выступленне агітбрыгады «Мы – валанцёры».

Эстафету творчасці падтрымалі і самі першакурснікі. У выкананні студэнткі факультэта фізічнага выхавання, прызёра першынства Еўропы па спартыўнай акрабатыцы, майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Марыны Самкевіч і яе партнёрак Настассі Шчурко і Лідзіі Трушч быў прадэманстраваны віртуозны акрабатычны эцюд.

Разыначкай вечара стала святлодыёднае шоу танцавальнай студыі «One Way» (кіраўнік Ю. Мартынюк). Разам з выканаўцамі гледачы адправіліся ў займальнае падарожжа ў свет Кэралаўскай Алісы.

У кульмінацыі свята пачаткоўцы-першакурснікі прамовілі клятву, паабяцалі добра вучыцца і стаць прафесіяналамі сваёй справы.

Канцэртная праграма завяршылася песняй «Лепшае чакае нас наперадзе» ў выкананні ўдзельнікаў студыі эстрадных спеваў «Ступені».

Паліна Крысь
юрыдычны факультэт

Падзяліцца: