На юрыдычным факультэце адбыўся штогадовы краязнаўчы квест «Праваахоўныя органы г. Брэста»

17 кастрычніка студэнты 3 і 4 курсаў юрыдычнага факультэта, аснашчаныя экіпіроўкай для бегу, сабраліся на вуліцы Савецкай, каб прыняць удзел у краязнаўчым квесце «Праваахоўныя органы горада Брэста». Такую квест-гульню кафедра крымінальна-прававых дысцыплін праводзіць ужо ў чацвёрты раз. Ідэя мерапрыемства належыць старшаму выкладчыку кафедры Раманюк Алене Віктараўне. Яна заўважыла, што многія праваахоўныя органы і органы правасуддзя, якія знаходзяцца ў цэнтры г. Брэста, размяшчаюцца ў асаблівых будынках – гісторыка-культурных каштоўнасцях. Адсюль і ўзнікла ідэя знаёміць студэнтаў не толькі з месцазнаходжаннем праваахоўных органаў, але і з іх багатай гісторыяй.

У ходзе мерапрыемства студэнты 3 курса выконвалі заданні краязнаўчага квеста, спаборнічаючы ў хуткасці, крэатыўнасці, а таксама ў ведах з галіны судовага ладу, крымінальнага працэсу і гісторыі г. Брэста. Усяго ў квесце прынялі ўдзел 8 каманд студэнтаў 3 курса юрыдычнага факультэта. Камандам прапаноўвалася паслядоўна выканаць зашыфраваныя заданні, што ўтрымліваюць у сабе фотазагадку з падказкамі і гістарычнае апісанне будынкаў, у якіх размяшчаюцца праваахоўныя органы. Будучыя юрысты рухаліся па гістарычным цэнтры горада, наведваючы намечаныя арганізатарамі месцы, а каля саміх аб’ектаў пошуку дзяжурылі студэнты-кантралёры 4 курса – удзельнікі квеста мінулага года, якія аказвалі арганізацыйна-тэхнічную падтрымку: фіксавалі прыбыццё каманд на канкрэтны пункт і раздавалі ім новыя заданні.

Кожная каманда праявіла сябе ў якой-небудзь намінацыі: хтосьці быў самым хуткім, нехта лепш за ўсіх адказаў на пытанні. Але самай моцнай камандай, якая набрала больш за ўсё балаў, стала каманда ў складзе Валадзько Паўла, Тарскага Аляксея, Раманюк Веранікі і Вірко Ільі.

Мерапрыемства было накіравана на замацаванне ведаў студэнтаў па дысцыплінах «Крымінальны працэс» і «Судовы лад», а таксама на згуртаванне удзельнікаў каманд паміж сабой і выхаванне ў іх беражлівых адносін да помнікаў гісторыі. Безумоўна, квест-гульня спрыяла развіццю ў студэнтаў лагічнага мыслення, назіральнасці, умення думаць нестандартна. Акрамя таго, дзякуючы квесту многія беларускія і туркменскія навучэнцы паглыбілі свае веды аб гісторыка-культурным мінулым горада Брэста.

Паводле слоў студэнтаў-удзельнікаў мінулых гадоў, квест – адна з самых яркіх і запамінальных падзей за час вучобы ва ўніверсітэце. Студэнты адзначылі, што так хутка яны не бегалі нават на занятках па фізічнай культуры. Усе ўдзельнікі квеста атрымалі станоўчыя эмоцыі, а галоўнае, даведаліся шмат новага аб мінулым і сучасным будынкаў, каля якіх яны раней праходзілі кожны дзень, не звяртаючы ўвагі на іх значнасць для жыцця горада і яго праваахоўнай сістэмы.

Аргкамітэт

Падзяліцца: