“Наш арыенцір: ВЯСНА – СТУДЭНЦТВА – ПОСПЕХ!”

У горадзе над Бугам 19 красавіка прайшло свята студэнцкай моладзі БрДУ імя А.С. Пушкіна”, якое стала яркім завяршэннем творчага фестывалю “Студэнцкая вясна – 2022”. У ім прыняло ўдзел кіраўніцтва ўніверсітэта, прадстаўнікі гарвыканкама, лідары студэнцкага самакіравання, кіраўнікі і актывісты прафсаюзнага камітэта студэнтаў, грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, “БСЖ”, а таксама валанцёры.

Жыхароў і гасцей Брэста прывіталі яркі танцавальны флешмоб у выкананні студэнцкай моладзі БрДУ, а таксама ваенны аркестр 38 Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай штурмавой брыгады.

  

У Год гістарычнай памяці і напярэдадні Дня Вялікай Перамогі рэктар БрДУ Ганна Сендзер, намеснік старшыні Брэсцкага гарвыканкама Віталь Шчэрба і першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Юрый Сегянюк адзначылі сімвалічнасць правядзення моладзевага свята і далі наказ студэнтам паважліва ставіцца да мінулага і ствараць новыя шчаслівыя старонкі гісторыі роднай Беларусі.

У сваю чаргу старшыня Савета студэнцкага самакіравання Дар’я Жаркова і член Савета маладых вучоных БрДУ Сяргей Жук ад імя ўсіх студэнтаў універсітэта выказалі падзяку кіраўніцтву ўніверсітэта, горада і вобласці за падтрымку моладзевых ініцыятыў.

  

Падчас мерапрыемства на пешаходнай вуліцы Брэста працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі па клоўнатэрапіі, мадэліраванні шароў, фотавернісаж “БрДУ ў асобах”. Студэнты-трэнеры ПА ГА “БТЧК” універсітэта арганізавалі майстар-клас па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

На сцэне гучалі сучасныя песні пра любімую Беларусь і песні ваенных гадоў. Студэнцкая моладзь шануе подзвіг сваіх продкаў і абяцае берагчы мір і незалежнасць роднай зямлі.

Падзяліцца: