Наш госць – пісьменнік і журналіст Вячаслаў Бандарэнка

11 лістапада 2014 года ва ўніверсітэце адбылася сустрэча члена Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Вячаслава Васільевіча Бандарэнкі са студэнтамі і работнікамі ўніверсітэта, прадстаўнікамі Брэсцкай гарадской бібліятэчнай сістэмы.

Наш госць – аўтар 23 кніг, у тым ліку раманаў «Ліквідацыя», «Кадэцтва», «Вечны агонь», «Падарваць «Аўрору», «Жыхары неба», біяграфіі паэта XIX стагоддзя П.А.Вяземскага; вядучы папулярнай тэлеперадачы «Адкрыты фармат» і акцёр.

Вячаслаў Васільевіч у сваім выступленні падрабязна спыніўся на падзеях Першай сусветнай вайны на беларускіх землях і, у прыватнасці, на Брэстчыне. Гэтая тэма мае вялікае значэнне для аўтара, паколькі яго продкі ў розных чынах (ад радавога да генерал-маёра) удзельнічалі ў гэтай кровапралітнай вайне, а сам ён даўно вывучае архіўныя матэрыялы і ўспаміны ўдзельнікаў той кампаніі. Кніга «Героі Першай сусветнай» і іншыя працы пісьменніка раскрываюць раней малавывучаныя старонкі нашай гісторыі і гісторыі г. Брэста.

Пасля выступлення В.В.Бандарэнкі пачаўся ажыўлены дыялог, і студэнты атрымалі адказы на пытанні пра журналісцкую і акцёрскую дзейнасць госця, пачатак літаратурнай працы, творчыя планы і пра многае іншае.

Рэктар універсітэта Г.М. Сендзер падзякавала Вячаславу Васільевічу за візіт ва ўніверсітэт і цікавы змястоўны дыялог падчас сустрэчы. Была выказана ўпэўненасць у перспектывах творчага супрацоўніцтва пісьменніка з горадам і ўніверсітэтам.

Прэс-служба ўніверсітэта

Падзяліцца: