Навукова-метадычны семінар «Iнавацыйныя працэсы ў сучаснай пачатковай адукацыі: вопыт і перспектывы»

2 лістапада 2016 года на псіхолага-педагагічным факультэце адбыўся навукова-метадычны семінар «Iнавацыйныя працэсы ў сучаснай пачатковай адукацыі: вопыт і перспектывы». Мерапрыемства было арганізавана кафедрай агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання. У працы семінара ўдзельнічалі выкладчыкі ВНУ, каледжаў, настаўнікі пачатковых класаў, студэнты.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася дэкан псіхолага-педагагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт С.С. Кацэвіч. Яна адзначыла, што галоўнымі задачамі семінара з’яўляюцца сістэматызацыя тэарэтычных і практычных ведаў аб інавацыйных тэхналогіях у адукацыйным працэсе пачатковай школы, вызначэнне ўплыву выкарыстання сучасных тэхналогій на якасць адукацыі, разгляд пытанняў пашырэння педагагічнай кампетэнтнасці сучаснага настаўніка за кошт прафесійнага выкарыстання ў сваёй дзейнасці інавацыйных тэхналогій, абмен вопытам працы па выкарыстанні інавацыйных тэхналогій у адукацыйнай практыцы пачатковай школы. Загадчык кафедры агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Г.М. Канцавая адзначыла, што сёння акцэнты ў адукацыі пераносяцца са зместу адукацыі на вынікі навучання, для дасягнення якіх педагог павінен змяніць метады і прыёмы навучання, «адысці» ад стандартных спосабаў правядзення ўрокаў, стаць для вучняў настаўнікам, які не «выдае» веды, а накіроўвае навучэнцаў, каб яны самі здабывалі гэтыя веды. Гэта цяжка, аднак нашы педагогі адкрытыя, актыўныя, гатовыя павышаць свой прафесійны ўзровень і ўкараняць інавацыйныя тэхналогіі ў адукацыйны працэс.

Сваім вопытам працы падзяліліся настаўнікі пачатковых класаў Г.В. Койпаш (ДУА «ВПК Лаўрынавіцкая дзіцячы сад-сярэдняя школа» Баранавіцкага раёна), Г.П. Котава (ДУА «Сярэдняя школа № 14  iмя Я.М. Фаміна г. Брэста»), Г.В. Лебядзеўская і В.В. Палейка (ДУА «Сярэдняя школа № 18 г. Пінска»), Ю.В. Асіюк (ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В.I. Хована»), выкладчык Пінскага каледжа Т.Т. Шрамук, настаўнікі-дэфектолагі М.А. Руткоўская (ДУСА «Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Баранавіцкага раёна») і А.I. Саковіч (ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Брэста імя В.I. Хована»), педагог-псіхолаг I.А. Шэлест (ДУА «Сярэдняя школа № 14 iмя Я.М. Фаміна г. Брэста») і інш.

У канцы семінара былі падведзены яго вынікі. Удзельнікі адзначылі, што семінар быў сапраўды актуальным, сучасным, практычным, змястоўным, інфарматыўным, прайшоў у атмасферы ўзаемаразумення і абмену прафесійным вопытам па ўсіх закранутых праблемах.

Спадзяёмся, што праведзены семінар паспрыяў павышэнню прафесійнай матывацыі педагогаў, іх імкненню ўкараняць новыя падыходы, методыкі і прыёмы навучання ў адукацыйны працэс пачатковай школы.

Кафедра агульнаадукацыйных дысцыплін і методык іх выкладання

Падзяліцца: