Названы прызёры ўніверсітэцкага конкурсу «Лепшая вучэбная група»

17 мая 2017 года ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна адбыўся фінал традыцыйнага конкурсу «Лепшая вучэбная група». На сцэне актавай залы сышліся ў нялёгкай барацьбе інтэлекту і творчасці, адзінства духу і лідарскіх якасцяў самыя годныя прадстаўнікі студэнцтва нашага ўніверсітэта.

Конкурс праходзіў у тры этапы. На першым этапе лепшую групу выбіралі на факультэце. На другім журы вызначыла групы-фіналісты, якія дасягнулі найвышэйшых вынікаў у вучэбнай, навукова-даследчай і пазавучэбнай (грамадскай, творчай, культурна-масавай, спартыўнай, фізкультурна-аздараўленчай) дзейнасці.

Трэці этап – фінал. Ён складаўся з 4 заданняў: самапрэзентацыя групы «Нам пашчасціла вучыцца разам», турнір для стараст «Сем цудаў універсітэта», творчы нумар у фармаце «Цюцелька ў цюцельку», а таксама вынасны конкурс відэаролікаў «Студэнт – вучоны».

У нялёгкай барацьбе пераможцам конкурсу стала вучэбная група 4 курса спецыяльнасці «Выяўленчае мастацтва і чарчэнне. Народныя мастацкія промыслы» (псіхолага-педагагічны факультэт), якая была ўзнагароджана галоўным кубкам, дыпломам пераможцы і незабыўнай гульнёй «Лазертаг» у клубе «Рэвальвер». Вучэбная група 3 курса спецыяльнасці «Геаграфія» (геаграфічны факультэт) заслужана заняла 2 месца. Бронзавым прызёрам стала вучэбная група 3 курса спецыяльнасці «Практычная псіхалогія» (сацыяльна-педагагічны факультэт).

Астатнія фіналісты конкурсу сталі пераможцамі ў наступных намінацыях:

  • «Адзінства духу – згуртаванасць каманды» – вучэбная група 2 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» (філалагічны факультэт);
  • «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго» – вучэбная група 4 курса спецыяльнасці «Трэнерская праца па віду спорту» (факультэт фізічнага выхавання).

Віншуем усіх удзельнікаў і выказваем падзяку кіраўніцтву факультэтаў і ўніверсітэта, прафсаюзнаму камітэту студэнтаў, ПА ГА «БРСМ», а таксама групам падтрымкі.

Аддзел выхаваўчай працы з моладдзю

Падзяліцца: