Незалежнасць туркменскага народа

Уліўшыся ў дружную студэнцкую сям’ю Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, туркменскія студэнты не толькі інтэгруюцца ў нашай культуры, але і захоўваюць свае святы і традыцыі. Сярод галоўных дзяржаўных святаў туркмен, якія з’явіліся ў найноўшай гісторыі Туркменістана, асаблівае значэнне мае Дзень незалежнасці. Гэты дзень устаноўлены ўрадам краіны 27 кастрычніка 1991 года, калі Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб Незалежнасці і асновах дзяржаўнага ладу Туркменістана». Годам пазней у краіне была прынята новая Канстытуцыя.

Сёння ў нашым універсітэце атрымліваюць вышэйшую адукацыю на першай і другой ступенях навучання амаль 450 туркменскіх студэнтаў. Вялікая колькасць студэнтаў з Туркменістана прыбыла і ў іншыя ўніверсітэты нашай краіны. Гэта стала магчымым дзякуючы здабыццю Туркменістанам незалежнасці, што дазволіла туркменскай дзяржаве стаць на шлях самастойнага развіцця, а народу – быць гаспадаром свайго лёсу.

Па рашэнні Меджліса краіны Дзень незалежнасці туркменскі народ з гэтага года адзначае 27 верасня. Удзельнікі клуба «Дыялог культур» (імі з’яўляюцца беларускія і замежныя навучэнцы) падрыхтавалі святочны вечар «Ты ў сэрцы маім, Туркменістан!». Праграма вечара ўключала знаёмства з гісторыяй развіцця краіны, інтэрактыўнае віртуальнае падарожжа па Тукменістане, творчыя выступленні студэнтаў. Па традыцыі на свята прыйшлі шматлікія госці, сярод якіх прарэктар па выхаваўчай працы Т.В. Сакалова, начальнік аддзела выхаваўчай працы з моладдзю Т.М. Кошык, загадчык кафедры педагогікі Т.А. Кавальчук, загадчык бібліятэкі ўніверсітэта О.С. Дуванава, куратары студэнцкіх груп, супрацоўнікі аддзела выхаваўчай працы з моладдзю, выхавальнікі студэнцкага гарадка.

Класік туркменскай паэзіі Махтумкулы прысвяціў сваёй краіне шмат паэтычных радкоў. На мерапрыемстве прагучалі цудоўныя вершы паэта «Прысвячэнне Туркменістану» ў выкананні Нурмамедавай Гулджан (філалагічны факультэт). За гады незалежнасці Туркменістан стаў адной з дзяржаў Цэнтральнай Азіі, што дынамічна развіваецца. Цяперашні стан краіны названы «Эпохай Магутнасці і Шчасця» дзякуючы намаганням прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава. Гісторыю краіны і туркменскага народа на розных гістарычных этапах раскрыў Баймырадаў Баймырат (геаграфічны факультэт) у прэзентацыі «Ад старажытнасці да сучаснасці».

Туркменскія студэнты запрасілі прысутных у віртуальнае падарожжа па Туркменістане. Пытанні віктарыны «Падарожнічаем па Туркменістане разам», падрыхтаваныя Мухамедавым Амангелдзі (факультэт замежных моў), аказаліся няпростымі не толькі для беларускіх, але і для туркменскіх прадстаўнікоў. Пераможцам віктарыны стала дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства, куратар групы, у якой навучаюцца толькі туркменскія студэнты, С.А. Каралевіч. Віншуем Станіславу Антонаўну!

Творчая праграма «Мы жадаем шчасця Вам!» была вельмі цёплай і з шматнацыянальным каларытам. Рытмы Усходу і Захаду, беларускія, туркменскія, рускія мелодыі гучалі на вечарыне ў выкананні студэнтаў розных нацыянальнасцей. Прыемна, што ў свяце паўдзельнічалі і студэнты першага курса: вельмі пранікнёна гучалі вершы туркменскага паэта Каюма Тангрыкуліева «Наша дружба» ў выкананні Эсенавай Айгуль (факультэт замежных моў) і цудоўная песня пад гітару «Туркменская прыгажуня» ў выкананні Сатлыкова Эзіса (філалагічны факультэт).

Туркменскаму і беларускаму народу ўласціва такая якасць, як гасціннасць. Цёплыя словы ў адрас туркменскага народа і туркменскіх студэнтаў у сувязі з Днём незалежнасці адрасавалі Т.В. Сакалова і Т.А. Кавальчук. У прыватнасці, Т.А. Кавальчук звярнулася да студэнтаў з пажаданнем памятаць свае карані і любіць сваю зямлю, а поспехамі ў вучобе і праявай актыўнай жыццёвай пазіцыі прымнажаць дасягненні сваёй цудоўнай краіны. Т.В. Сакалова павіншавала туркменскіх студэнтаў ад імя рэктара Г.М. Сендзер і ўручыла ім прыгожы і смачны пірог, спечаны кулінарамі Гандлёвага цэнтра ўніверсітэта. Таццяна Васільеўна выказала ўпэўненасць, што культурныя традыцыі і сяброўства паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей ва ўніверсітэце будуць пашырацца і ўмацоўвацца. Доўга яшчэ гучалі на святочнай вячэрняй дыскатэцы мелодыі і рытмы Усходу.

З. Ляўчук, кіраўнік клуба «Дыялог культур»

Падзяліцца: